«Звычка нам дадзена звыш», так што прывыкайце, таварышы

Віктар Лукашэнка абраны выконваючым абавязкі першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага Алімпійскага Камітэта Беларусі.

Нагадаю, што ў нашай краіне існуюць усяго дзве прэзідэнцкія пасады – прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта. Кропка.

Hавiны
Віктар Лукашэнка стаў намеснікам свайго бацькі ў Алімпійскім камітэце
2019.04.15 13:24

Зараз у свядомасць выбаршчыка – і перш за ўсё, дзяржаўных служачых, – акуратна ўкладваецца думка пра тое, што Віктар Лукашэнка з’яўляецца першым віцэ-прэзідэнтам. Чаго – гэта ўжо іншае пытанне. Справа ў слове. Раней я пісаў, чаму, напрыклад, Віктара Аляксандравіча прызначылі не міністрам, а памочнікам прэзідэнта. Таму, што гэта гучыць звыкла для вуха выбаршчыкаў Аляксандра Лукашэнкі:

– Кім працуе ваш сын, Рыгоравич?

– А ён мне дапамагае!

І хто запярэчыць супраць таго, што сын дапамагае бацьку? Наадварот! Кожны бацька марыць, каб сын стаў яму з часам годным памочнікам!

Цяпер вось дарос да першага віцэ-прэзідэнта. Так, пакуль толькі выконвае абавязкі. Так, пакуль толькі ў Нацыянальным Алімпійскім Камітэце. Ну так і што з таго? Прывыкайце, таварышы!

Да таго ж паказальна, што гэтае прызначэнне адбылося напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, якія разглядаюцца нашай уладай як найбуйнейшая палітычная кампанія. Зразумела, што адказныя за іх правядзенне людзі будуць на ўвазе і на слыху, а ўжо поспех, у якім ніхто не сумняваецца, будзе разадзьмуты да неверагодных вышынь. І ўсе адказныя за гэты поспех асобы – уключаючы выконваючага абавязкі першага віцэ-прэзідэнта НАК РБ – будуць справядліва ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі і ўсенароднай любоўю.

Гэта вам не старых і дзяўчынак дубінкамі разганяць, як 25 сакавіка 2017 года. Гэта – сапраўдны іміджавы прарыў! Шчасцю – быць!

Як там у класіка?

Звычка нам дадзена звыш,

Замена шчасцю яна…

Калі вы, паважаны чытач, не ўпэўненыя ў тым, што прыходзіць эпоха шчасця пры Лукашэнку-малодшым, а не яе эрзац, то, на ўсялякі выпадак – паўтаруся – прывыкайце. Звычка – замена шчасця. Гэта так жа непазбежна, як тое, што віцэ-прэзідэнт марыць быць прэзідэнтам.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў