Звычайная хлусня чыноўнікаў


Абяцанага тры гады чакаюць. Прыкладна гэтак можна апісаць тую сітуацыю, з якой сутыкнуліся жыхары аграгарадку «Студзёнка», у Сенненскім раёне на Віцебшчыне. Два месяцы тамуў аграгарадку былі абяцанні залатых гораў, паляпшэння ўмоваў жыцця – і ўсё, каб толькі жыхары не скардзіліся журналістам. Сюжэт мы паказалі, але пра справу не забыліся. Прыйшоў час экзамену. І чыноўнікі яго з трэскам правалілі.

«Каб хоць хто прыехаў, фарбы якой даў. Я за 20 гадоў сам усё рабіў у кватэры!», – красамоўна абураецца мясцовы жыхар.

На пачатку лютага «Белсат» паказаў рэпартаж пра панэльныя дамы, пабудаваныя амаль 30 гадоў таму. У іх цяпер няма ні ацяплення, ні гарачай вады, затое ёсць каналізацыя, якая, праўда, працякае ў падвалы дамоў.

Пасля шуміхі ў медыях, у аграгарадок адразу пачалі наведвацца дэлегацыі: і намеснік кіраўніка Віцебскага абласнога выканкаму, і старшыня Сенненскага райвыканкаму, ды нават дзяржаўнае тэлебачанне. Паабяцалі, што за два тыдні ўсе праблемы вырашаць. Аднак зніклі чыноўнікі, а разам з імі зніклі і абяцанні.

«Пару асобаў тут паявіліся, пахадзілі, пакапаліся, і ў выніку нічога не зрабілі. Толькі сёння святло правялі ў падʼезды. Дык гэта пасля трох месяцаў чакання», – распавядае Валенцій Бразоўскі, жыхар аграгарадку «Студзёнка».

За кароткі час свайго перабывання, працоўныя ЖКГ паставілі ў падвале падпоркі, каб дом не разваліўся, спрабавалі таксама замазаць шчыліны патрэсканага дому, ды нават усталяваць сметніцы, аднак зроблена гэта, як кажуць мясцовыя, «на адчапіся».

«Бачыце як іх паставілі. Гэта іх паставілі пасля вашага візіту. Іх папросту паўторквалі ў зямлю і ўсё. А некаторыя сметніцы ўвогуле без дна. Проста няма дна. А вось паглядзіце, яны дзірку замазалі. Тут раней вядро стаяла. І вось тут: замазалі, але як было так і засталося. І думаю гэты казырок калісьці папросту зваліцца і прыцісне кагосьці», – паказвае журналістам Белсату Валенцій Бразоўскі.

І гэта нягледзячы на тое, што жыхары Студзёнкі штомесяц робяць адлічэнні і на капітальны рамонт, і на абслугоўванне. На агульную суму Br 200-250 тыс.

«Жыроўкі гэтыя яшчэ больш павысілі», – зазначае жанчына.

Адметна, што ў красавіку «жыровак» людзі пакуль не атрымалі. І на тэлефанаванне жыхароў у раённым ЖКГ адказалі, цытата: «Няма каму развозіць рахункі, а калі вам вельмі трэба, вось самыя па іх і прыязджайце».

Паводле юрыста Паўла Левінава, людзі з прычыны парушэння іхных правоў маюць больш актыўна звяртацца ўжо не толькі ў ЖКГ, але ў пракуратуру. Ён лічыць, што ад не падкантрольных народу чыноўнікаў няма чаго і чакаць нармальнага стаўлення да людзей.

«Ад волі выбарцаў яны не залежаць. Бо залежыць, спадабаецца ён уладам, застанецца дэпутатам, не спадабаецца, не будзе больш дэпутатам», – мяркуе праваабаронца Павел Левінаў.

А каб змяніць гэта, паводле праваабаронцы, усе мусяць дамагацца, каб асноўны закон – Канстытуцыя – быў законам нумар адзін не толькі на словах, але і на справе.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў