Звярнуўся за дапамогай да медыкаў, але скраў дарагое абсталяванне


Фота zanoza-news.com

36-гадовы жыхар Менску замест таго, каб дачакацца агляду медыкам у шпіталі, схапіў апарат ЭКГ і ўцёк з месца злачынства. Злодзей не ўлічыў, што ўжо пакінуў свае дадзеныя ў рэгістратуры, акрамя таго факт злачынства быў запісаны на камеры відэаназірання.

Акалічнасці крадзяжу апарату ЭКГ міліцыянты ўстанавілі досыць хутка і без асаблівых высілкаў. Высветлілася, паведамляе прэсавая служба УУС Менаблвыканкаму, што пацыента даставілі ў шпіталь Менскай абласной больніцы машыне на хуткай дапамогі. Медычныя працаўнікі правялі мужчыну ў назіральную, дзе ён мусіў дачакацца лекара. Але хвораму, відаць, стала лепей, таму ён прыхапіў прыбор і спакойна пакінуў шпіталь.

Цяпер зламыснік у ізалятары часовага ўтрымання. Апарат, кошт якога складае каля 4 тысячаў рублёў, вернуты. А вось у дачыненні да недарэчлівага злодзея заведзена крымінальная справа, паводле якой яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары