Звон звініць? Парады і рэцэпты ад пахмелля ад нашых кухараў Аляксандра Чыкілеўскага і Вольгі Прыгаравай


Кожнаму здараецца троху перабраць у святы, але не кожны пасля пачуваецца добра і бадзёра. Каб «звон» не звінеў і хуценька прыйсці ў добры стан, нашыя кухары падабралі пару рэцэптаў напояў і страваў, якія вам дапамогуць цяжкаю раніцай.

Салянка ад Вольгі Прыгаравай

Лепш за ўсё зранку выпіць «Баржомі» – сапраўды гаючая вада. І паесці супчыку – салянкі або шурпы.

Салянку рабіць лепш на беконе і сыравэнджанай каўбасе (можна якраз выкарыстаць тое, што застанецца з навагодняга стала). Абсмажыць цыбулю, парэзаную саломкай, да залацістага колеру. Потым, калі цыбуля падрумяніцца, дадаць таматавую пасту і яшчэ трохі абсмажыць разам.

У асобным сатэйніку прыпусціце ў расоле нарэзаныя саломкай агуркі. На патэльні абсмажце вэнджаніну.

У рондаль з булёнам закінуць агуркі з расолам, абсмажаную цыбулю з таматаваю пастай, вяндліну, аліўкі ды масліны, каперсы. Разрэжце напалову лімон, выцісніце сок і таксама кіньце яго ў рондаль. Усё гэта трэба давесці да кіпення, праварыць усё хвілінаў 20 і давесці да густу соллю і перцам. Падаваць са смятанай.

Яшчэ кіслая капуста выдатная зранку пасля святаў!!! Мая маці гатуе яе заўсёды 1 студзеня, і мы з мужам едзем да яе.

Цудадзейны напой «Таксі» і хаш ад Аляксандра Чыкілеўскага

«Таксі» робіцца дастаткова хутка і проста. Каб яго прыгатаваць, вам спатрэбіцца літр газаванай мінеральнай вады і сок лімона – 300–350 г (прыблізна з кілаграма лімонаў).

Змяшайце сок з мінеральнаю вадой і піце невялікімі порцыямі (па 1 шклянцы) праз кожныя 30 хвілінаў.

А вось хаш прыгатаваць будзе не так проста, але гэта таго вартае. Для гэтага супу вам спатрэбяцца:

  • ялавічныя ногі ды флякі – па 800 г;
  • часнык – 50 г;
  • чорны перац;
  • соль.

Ножкі асмаліць, паскрэбці ды вытрымаць у вадзе цягам сутак (змяняючы ваду кожныя 2–3 гадзіны). Пасля гэтага зноў прамыць. Закласці ў халодную ваду разам з флякамі ды варыць на самым маленькім агні гадзінаў 5–6 (можна больш), здымаючы пену. Не саліць. Калі хаш гатовы, дадаць соль, дробнапасечаны часнык і перац. Есці з лавашом.

І невялічкі падарунак: са студзеня праграма «Я не буду гэтага есці» вяртаецца на экраны з найлепшымі выданнямі ды прэм’ерамі.

Няхай новы год будзе смачны!

Стужка навінаў