«Зважай! Пуанты да ладу!» Ці сумяшчальныя войска і балет?


Паўднёвакарэйскія жаўнеры ля мяжы з Паўночнай Карэяй пераабуваюць берцы на пуанты.

Байцы 25-й дывізіі паўднёвакарэйскай арміі дыслакуюцца ў Паджу, побач з паўночнакарэйскай мяжою, адной з самых ахоўваемых у свеце. Усяго ў 100 кіламетрах адсюль знаходзіцца сталіца Паўднёвай Карэі Сеул.

Кожны тыдзень у частку прыязджае прадстаўніца Карэйскага нацыянальнага балету, каб ладзіць майстар-класы для жаўнераў. Афіцыйная мэта такіх заняткаў – разладоўваць стрэс вайскоўцаў.

«Тут вельмі шмат напружанасці, мы жывем фактычна на перадавой. І гэтая сталая напружанасць міжволі змушае адчуваць сябе няпэўна. Тым не менш, праз балет я магу захоўваць спакой і знайсці баланс, а таксама будаваць сяброўскія адносіны са сваймі таварышамі па службе», – кажа 23-гадовы сяржант паўднёвакарэйскага войска Кім Чу Хёк.

Падчас трэнаванняў жаўнеры вучацца не толькі піруэтам і па, але і сядаць на шпагат.

«Жыццё ў салдат цяжкае, таму я не была ўпэўненая, што я магу чымсьці ім рэальна дапамагчы. Але цяпер я вельмі цешуся, што займаюся з імі, бачу іхныя ўсмешкі і тое, як яны вучацца і спасцігаюць таямніцы балету», – гаворыць настаўніца і балерына Лі Хянґ Чо.

Падпалкоўнік Хо Тхэ Сун скептычна ставіўся да такой ініцыятывы, але цяпер перакананы: балет жаўнеру не шкодзіць, а наадварот – шмат у чым дапамагае.

«Балет патрабуе фізічнай сілы і вынослівасці, дапамагае ўмацоўваць цягліцы, павышае гнуткасць, карэктуе паставу. Можа вы не паверыце, але балет дапамог нам у падрыхтоўцы да здачы нарматываў», – дадае камандзір.

Напрыканцы года жаўнеры плануюць завершыць падрыхтоўку і рэпетыцыі ды паказаць уласную пастаноўку. Летась яны выйшлі на сцэну на фестывалі ваеннага мастацтва з балетам Чайкоўскага «Лебядзінае возера».

«Я пачаў наведваць урокі балета, таму што старэйшы салдат рэкамендаваў гэта мне. Я падумаў, што гэта занятак для жанчын, але цяпер, калі я паспрабаваў гэта, я думаю, што гэта таксама добра для мужчынаў», – дзеліцца ўражаннямі ад заняткаў 19-гадовы салдат Сін Йын Хо.

За паўночнай мяжой камандзіры Карэйскай народнай арміі не спяшаюцца пераймаць досвед сваіх паўднёвых суседзяў і афіцыйных ворагаў. Баявы дух там падымаюць з дапамогаю агітбрыгадаў, спеваў хорам і маршамі пад чырвонымі сцягамі. Паўночнай і Паўднёвая Карэі фармальна знаходзяцца ў стане вайны ад 1953 году.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў