Звальненне падчас пандэміі: што кажуць калегі былога галоўнага доктара Віцебскага шпіталю хуткай дапамогі


Ад пачатку красавіка эпідэмія каронавіруса ў Беларусі пачала набываць сур’ёзны маштаб. Медыкі апынуліся на першай лініі змагання з інфекцыяй – і хутка сталі ці не самай уразлівай сацыяльнай групай. Распавядаем гісторыю доктара, якога звольнілі пасля рэзананснай публікацыі ў медыях.

Віцебск стаў адным з найбуйнейшых асяродкаў каронавіруснай інфекцыі ў краіне, тут жа адбылася першая афіцыйна пацверджаная смерць пацыента з COVID-19.

27 красавіка TUT.by апублікаваў рэпартаж з рэанімацыі Віцебскага гарадскога клінічнага шпіталю хуткай дапамогі, дзе медыкі распавядалі пра ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць. З рэпартажу вынікала, што пра нагрузку на медыкаў дзяржава паклапацілася недастаткова: яны праводзяць з заражанымі па 12 гадзінаў, а ў першыя тыдні не былі забяспечаныя нават звычайнымі маскамі, не кажучы пра супрацьчумныя касцюмы.

Цяпер у шпіталі з 290 ложкаў, выдзеленых пад хворых на каронавірус, занятыя 270-280. Захварэлых медыкаў лекуюць іхныя ж калегі. І, хаця паводле нормы лекар рэанімацыі павінен весці ўсяго 6 хворых, ён даглядае 30. Аднак, нягледзячы на складаныя ўмовы, медыкі даюць рады, адзначалася ў публікацыі.

Hавiны
Пасля публікацыі пра ўмовы працы медыкаў, звольнілі галоўнага лекара віцебскай больніцы
2020.05.03 15:42

30 красавіка, праз тры дні пасля выхаду матэрыялу, стала вядома, што звольнены галоўны лекар гэтага шпіталю Сяргей Лазар. Адметна, што сам Лазар нічога не каментаваў СМІ. Як заявіла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, працоўныя адносіны з ім былі спыненыя па пагадненні бакоў, а «публікацыя на інтэрнэт-рэсурсе не мае дачынення да сітуацыі». Лазар аддаў медыцыне амаль 30 гадоў, пасаду галоўнага лекара займаў апошнія пяць.

Сяргей Лазар.
Фота: Віцебскі гарвыканкам

«Больш няма з чым звязваць…»

Пацверджанай сувязі паміж звальненнем Лазара і інтэрв’ю ягоных былых падначаленых няма. Тым не менш, на думку некаторых грамадскіх актывістаў, яна прасочваецца. Віцебчанка Таццяна Севярынец накіравала пісьмовы зварот у Мінздароўя з заклікам аднавіць Лазара на працы. Таксама ў сеціве з’явілася петыцыя да Савету міністраў і асабіста міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка з патрабаваннем «спыніць ціск і запужванне медыкаў, якія распавядаюць пра сваю працу ва ўмовах пандэміі».

Мы пацікавіліся ў саміх медыкаў, ці звязваюць яны звальненне Сяргея Лазара з матэрыялам пра «брудную зону», ці адчуваюць ціск праз тое, што кажуць праўду, а таксама даведаліся, як сёння выглядае сітуацыя ў «бруднай зоне» Віцебскага шпіталю хуткай дапамогі.

«Учора нічога вядома не было, акрамя таго, што яго проста знялі і ўсё. Калі б гэта было звязана з публікацыямі, то, хутчэй за ўсё, быў бы зняты яшчэ і наш загадчык. І пад прыцэл трапіў бы і я, бо таксама даваў інтэрв’ю. З намі не было абсалютна ніякіх гутарак, нікуды не выклікалі», – кажа рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Дарэчы, на сайце шпіталю адзначаецца, што абавязкі галоўнага лекара выконвае ягоны намеснік па медычнай частцы Аляксандр Віннікаў.

Пакой адпачынку ў «чыстай зоне» больніцы хуткай дапамогі ў Віцебску. Фота TUT.by

Тым часам загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Уладзімір Мартаў на пытанне, ці звязвае ён звальненне Лазара з публікацыяй, адказаў:

«Больш няма з чым звязваць, у нас больніца не найгоршая».

Ён дадаў, што часткова «адчувае і сябе вінаватым» – праз тое, што шмат распавядаў СМІ. Паводле яго, калектыў цяпер у прыгнечаным настроі, як і сам Лазар, які папрасіў, каб з ім не кантактавалі журналісты.

«Ідзе наплыў цяжкіх пацыентаў»

25-гадовы рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі распавядаў TUT.by, як атрымаў позву ў ваенкамат у самы недарэчны час – на пачатку красавіка, калі эпідэмія набірала абароты. Аднак ягоны начальнік Уладзімір Мартаў заступіўся за «свайго асноўнага анестэзіёлага-рэаніматолага», і Савіцкаму далі нефармальную «адтэрміноўку» да 7 траўня. Вайсковы камісар Віцебскай вобласці заявіў, што «калі лекары неабходныя сваім шпіталям – яны застануцца працаваць».

«Мне патэлефанаваў ваенком і папрасіў перад тым, як ісці ў кабінет, дзе афармляецца позва, зайсці да яго ў кабінет на размову. Тонка намякнуў, маўляў, вы да нас зараз прыйдзіце, а потым чапаць не будзем. Але гэта толькі на словах», – распавядае Савіцкі.

Паводле Савіцкага, апошнім часам да іх у аддзяленне трапляе больш цяжкіх пацыентаў з пнеўманіямі.

«Калі раней было шмат сярэднецяжкіх пацыентаў і з лёгкай ступенню цяжкасці, то цяпер больш сярэднецяжкіх і цяжкіх. Вельмі шмат цяжкіх пацыентаў пачынае паступаць, ідзе нейкі наплыў. Гэта пачалося ў апошні тыдзень. Тэндэнцыя такая, што наша рэанімацыя і наагул рэанімацыі гораду цяпер не даюць рады», – тлумачыць рэаніматолаг.

Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўсяго ў Беларусі задзейнічаныя 10% апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, да іх падключаныя больш за 200 асобаў. Раней прыводзілася афіцыйная лічба пацыентаў на ШВЛ у Віцебску – 25 чалавек.

«Мне падаецца, іх больш па горадзе. У нашым аддзяленні на ШВЛ знаходзяцца цяпер 6 або 7 чалавек», – кажа лекар.

Hавiны
У Беларусі памерлі ад каронавіруса 103 чалавекі, заразіліся – 17 489
2020.05.04 11:54

КА belsat.eu

Стужка навінаў