ЗША знайшлі спосаб на прарасейскіх наймітаў. Што гэта можа значыць для Беларусі?

Расея адмовілася ад сваіх грамадзянаў, якія ваююць у Сірыі, пасля чаго яны былі бязлітасна знішчаныя амерыканскай авіяцыяй. Тое, што прагучала ўчора ў Сенаце ЗША паказвае, якім можа быць лёс антыўкраінскіх баевікоў на Данбасе дый і антыбеларускіх экстрэмістаў у Беларусі.

«Нас там няма»

У чацвер вечарам міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс распавядаў Камітэту па ўзброеных сілах амерыканскага Сената пра сітуацыю ў Сірыі і ў тым ліку пра кантакты амерыканскіх і расейскіх вайскоўцаў.

Ён паведаміў, што вайскоўцы ЗША і Масквы падтрымліваюць рэгулярную сувязь, каб не дапусціць сутыкненняў і інцыдэнтаў на зямлі ці ў паветры. Міністра спыталі пра бой 7 лютага 2018 года ў раёне гораду Дэйр-эз-Зор.

Авіяўдар па праасадаўскіх сілах у раёне Дэйр-эз-Зора. Відэа CNN

У гэты дзень групоўка праасадаўскіх сілаў пры падтрыманні танкаў, рульнай артылерыі і ракетных сістэмаў залпавага агню атакавала пазіцыі Сірыйскіх дэмакратычных сілаў (СДС), шматэтнічнага і шматрэлігійнага ваенна-палітычнага альянсу, у якім галоўную ролю граюць курды.

Аказалася, што расейскія генералы ў Сірыі на запыт амерыканцаў проста заявілі, што расейскіх войск у гэтым раёне няма.

Амерыканскі бамбардыроўшчык В-52. Фота armyman.info

«Расейскае камандаванне ў Сірыі запэўніла нас, што гэта не іхныя людзі, і маім рашэннем было ў такім выпадку знішчыць гэтую групоўку. І яна была знішчаная», – сказаў былы генерал марской пяхоты.

Загінула да 200 наймітаў, шмат хто з іх раней ваявалі супраць Украіны на Данбасе.

Сакрэт палішынеля

Афіцыйная Масква гэтак і не прызнала, што ў выніку гэтага бою загінулі расейскія грамадзяне, хоць ужо праз некалькі дзён аналітычная група Conflict Intelligence Team апублікавала першыя імёны загінулых.

Фота загінулага найміта – расейскага нацыянал-бальшавіка Кірыла Анан’ева, які перад гэтым ваяваў супраць Украіны

У пачатку красавіка падчас слуханняў у Сенаце ЗША кандыдат на пасаду дзяржаўнага сакратара Майк Пампеа паведаміў, што «у Сірыі некалькі тыдняў таму расейцы сустрэлі годнага праціўніка, і пара сотняў расейцаў была забітая».

Падчас таго бою Пампеа, які зараз стаў дзяржаўным сакратаром, быў кіраўніком Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША.

Нелегалы пад кантролем дзяржавы

Вядома, што акрамя рэгулярных расейскіх войскаў, якія падтрымліваюць сілы Башара Асада, у краіне дзейнічаюць падраздзяленні так званай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера» – фармальна «добраахвотніцкія» структуры, якія, аднак, трэнуюцца на палігонах Міністэрства абароны Расеі і ўжо былі заўважаныя падчас дзеянняў супраць Украіны на Данбасе.

Яшчэ адзін загінулы ў Сірыі «вагнеравец»

З 2015 года, калі вайна на Данбасе стала пазіцыйнай, а Расея ўвязалася ў новую вонкавапалітычную авантуру ў Сірыі, «вагнераўцаў» сталі накіроўваць на Бліжні Усход, а таксама сярод данбаскіх баевікоў пачалася вербаванне новых наймітаў.

Справа ў тым, што Расея хоча паказаць уласнаму насельніцтву прапагандысцкі малюнак вайны «малой крывёй на чужой тэрыторыі». Адпаведна для наземных баёў, у якіх антыасадаўскія баевікі могуць аказаць сапраўдны супраціў, выкарыстоўваюцца найміты, а не жаўнеры рэгулярнага войска.

Што гэта значыць для Усходняй Еўропы і Беларусі?

Фактычна «ніякая» рэакцыя Масквы і расейскіх вайскоўцаў на масавыя страты баявікоў-наймітаў, якія былі пакліканыя на вайну самой Масквой, мае некалькі важных наступстваў.

Першае, галоўнае для Крамля – прапаганда для ўласнага насельніцтва, а не абарона нацыянальных інтарэсаў і нават проста жыцця ўласных грамадзянаў.

Расейскі нацыст Аляксей Мільчакоў трэніраваў аднадумцаў у Беларусі ў 2016 годзе

Другое, здаецца, амерыканцы вынайшлі зручны адказ на гульню «нас там няма». Раз «вас там няма», то і не скардзіцеся на бомбы і ракеты.

І апошняе, нават самыя ідэйныя прыхільнікі Масквы для расейскіх уладаў гэта проста гарматнае мяса, і яны будуць у зручны момант скінутыя з рукі як непатрэбная карта.

Цалкам верагодна, што менавіта такім жа чынам, пасля словаў «нас там няма», будуць ліквідаваныя псеўданезалежныя ўтварэнні «ДНР» і «ЛНР. Дый антыбеларускім радыкалам у Беларусі ёсць пра што задумацца.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў