ЗША ўвялі санкцыі супраць расейскіх алігархаў і чыноўнікаў з «крамлёўскага спісу»


Амерыканскія санкцыі закранулі 7 расейскіх бізнесоўцаў і 17 высокапастаўленых чыноўнікаў з «крамлёўскага спісу». Адпаведны дакумент апублікавала сёння Міністэрства фінансаў ЗША.

У спіс уключаныя, у прыватнасці, бізнесоўцы Алег Дзерыпаска, Ігар Ротэнберг, Кірыл Шамалаў, Віктар Вексельберг, Сулейман Керымаў, Уладзімір Багданаў і Андрэй Скоч, а таксама кіраўнік ВТБ Андрэй Косцін, старшыня праўлення Газпромбанка Андрэй Акімаў, старшыня праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер і прэзідэнт «Зеніта», чалец савета дырэктараў «Газпром нафта» Сяргей Фурсенка.

У спісе чыноўнікаў – міністр унутраных спраў Уладзімір Калакольцаў, кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў, кіраўнік Раскамнагляда Аляксандр Жараў, кіраўнік Расейскага інстытута стратэгічных даследаванняў Міхаіл Фрадкоў, губернатар Тульскай вобласці Аляксей Дзюмін і іншыя.

Санкцыі ўведзеныя і супраць 12 кампаній, падкантрольных бізнесоўцам, якія трапілі ў спіс. Сярод іх звязаныя з Алегам Дзерыпаскам «Базавы элемент», En + і Аграхолдынг «Кубань», група кампаній «Ренова» Віктара Вексельберга.

Гэтак званы крамлёўскі спіс быў складзены ў адпаведнасці з законам «Аб супрацьдзеянні супернікам ЗША з дапамогай санкцый» і прыняты ў Злучаных Штатах летам 2017 году – як рэакцыя на падазрэнні аб умяшанні Расеі ў амерыканскія выбары прэзідэнта ў 2016 годзе, якое Расея, у сваю чаргу, адмаўляе.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары