ЗША рыхтуюцца ўвесці санкцыі супраць Расеі за падтрыманне Лукашэнкі


сцяг ЗША.
Фота: pixabay.com

Група дэпутатаў унесла ў Палату прадстаўнікоў ЗША законапраект аб зменах у «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 года». Тэкст дакумента апублікаваны на сайце Кангрэса.

Законапраект «Акт аб дэмакратыі, Правах чалавека і суверэнітэце Беларусі» 1 кастрычніка пройдзе першы разгляд у Камітэце Палаты прадстаўнікоў па міжнародных адносінах. Агулам ён павінен атрымаць адабрэнне трох камітэтаў Палаты прадстаўнікоў, поўнага складу Палата прадстаўнікоў, Сената і прэзідэнта ЗША.

У выпадку прыняцця, цягам 120 дзён дзяржсакратар і кіраўнік нацыянальнай выведкі ЗША павінны падрыхтаваць справаздачу аб пагрозе суверэнітэту і незалежнасці Беларусі з боку Расеі, а міністр фінансаў ЗША – справаздачу аб банкаўскіх рахунках, інвестыцыях і іншых бізнес-інтарэсах Лукашэнкі і ягонай сям’і.

Hавiны
Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэння
2020.09.29 18:57

У законапраекце гаворыцца, што беларускія ўлады працягваюць парушаць правы чалавека і асноўныя прынцыпы дэмакратыі, у тым ліку шляхам фальсіфікацыі выбараў, пераследаваць і арыштоўваць палітычных актывістаў і мірных пратэстоўцаў, ціснуць на незалежныя медыі і журналістаў, абмяжоўваць доступ да Інтэрнэту, працягваюць рэпрэсіі супраць НДА, прафсаюзаў і прадпрымальнікаў. Таксама аўтары законапраекта заяўляюць, што палітыка беларускіх уладаў «падрывае суверэнітэт і незалежнасць краіны, падпарадкоўваючы палітычныя, эканамічныя, культурныя і сацыяльныя інтарэсы Беларусі інтарэсам Расеі».

Акрамя таго, паводле дакументу, «супраць волі большасці беларускага народа прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падтрымаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку прапанаваўшы яму дапамогу ў сферы бяспекі, даўшы істотную фінансавую падтрымку і адправіўшы расейскіх прапагандыстаў, каб дапамагчы распаўсюду праўладнай прапаганды на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі».

Аўтары законапраекта лічаць, што ЗША павінны не прызнаваць вынікі выбараў 9 жніўня, а Лукашэнку – легітымна абраным кіраўніком Беларусі. Таксама яны павінны асудзіць пераслед апазіцыйных палітыкаў, пратэстоўцаў, журналістаў і блогераў. ЗША заклікаюць вызваліць усіх палітвязняў, падтрымліваць беларускі народ, не прызнаваць інкарпарацыю Беларусі ў саюзную дзяржаву з Расеяй, бо яна «будзе адначасова і спробай паглынуць Беларусі і крокам да аднаўлення таталітарнага Савецкага Саюзу».

Hавiны
Краіны Балтыі ўвялі санкцыі супраць беларускіх дзяржслужбоўцаў
2020.09.25 18:15

ЗША падтрымліваюць пасярэдніцтва АБРЕ ў Нацыянальным дыялогу, прызнаюць Каардынацыйную раду легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу па мірнай перадачы ўлады, выступаюць за пашыраную дыпламатычную прысутнасць у Беларусі.

Законапраект прапануе:

  • падтрымліваць барацьбу з інтэрнэт-цэнзурай і тэхналогіямі для сачэння;
  • падтрымліваць дзейнасць жанчын, якія выступаюць за свабоду і правы чалавека;
  • падтрымліваць развіццё адукацыі на беларускай мове;
  • падтрымліваць развіццё прыватнага сектара, асабліва ў IT, у тым ліку праз развіццё арганізацыяў па падтрыманні бізнесу, арганізацыю навучання для прадпрымальнікаў, пашырэнне доступу да фінансавання для малых і сярэдні прадпрыемстваў;
  • падтрымліваць палітычных уцекачоў з Беларусі ў еўрапейскіх краінах;
  • падтрымліваць збор сведчанняў і расследаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі;
  • падтрымліваць сістэму аховы здароўя ў перыяд пандэміі, у тым ліку запаўняючы інфармацыйны вакуум;
  • павялічыць фінансаванне «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода» і падтрымліваць незалежныя СМІ, асабліва на беларускай мове;
  • даць журналістам у Беларусі тэхналогіі абыходу цэнзуры.

Цягам 120 дзён з дня прыняцця закона кіраўнік Агенцтва ЗША па глабальных медыях і дзяржсакратар павінны даць падрабязную стратэгію, у якой будуць адлюстраваныя:

  • пашырэнне навіновага радыё, – тэле – і інтэрнэтвяшчання ў Беларусі, асабліва на беларускай мове;
  • падтрыманне развіцця і выкарыстання тэхналогіяў па абыходзе цэнзуры;
  • барацьба са спробамі беларускіх уладаў блакаваць доступ у Інтэрнэт;
  • адсочванне супрацы беларускіх уладаў з любымі замежнымі ўрадамі або арганізацыямі для ўвядзення цэнзуры і сачэння ў Інтэрнэце, аналіз такой супрацы за апошнія 10 гадоў, адсочванне пакупак падобных тэхналогіяў уладамі;
  • абарона журналістаў, якія падвергліся пераследу, у тым ліку пазбаўлення акрэдытацыі;
  • наданне грамадзянскай супольнасці Беларусі паслуг адбіцця кібератак;
  • наданне рэсурсаў, адукацыйных матэрыялаў па лічбавай пісьменнасці, абыходу інтэрнэт-цэнзуры, лічбавай бяспецы, даследніцкай і аналітычнай журналістыцы для незалежных журналістаў, навучанне па гэтых напрамках;
  • павышэнне навыкаў супрацьстаяння дэзынфармацыі для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і медыяў.

Дакумент таксама прапануе пашырыць санкцыі (забарона ўезду ў ЗША) на:

  • грамадзянаў Расеі, якія маюць дачыненне да здушэння паслявыбарчых пратэстаў;
  • сябраў ЦВК і асобаў, якія дапамагалі ЦВК фальсіфікаваць вынікі выбараў;
  • чальцоў КДБ, МУС, АМАП, якія маюць дачыненне да пераследу апазіцыянераў, журналістаў і мірных пратэстоўцаў;
  • працаўнікоў Мінінфармацыі, адказных за пераслед незалежных медыяў;
  • чыноўнікаў Саюзнай дзяржавы незалежна ад грамадзянства;
  • грамадзянаў Расеі, якія ўдзельнічалі ў пераследзе СМІ і парушэннях правоў чалавека, у тым ліку расейскіх прапагандыстаў, якія замянілі беларусаў у дзяржаўных медыяў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў