ЗША папрасілі МВФ не даваць крэдытаў Расеі праз справу Скрыпалёў


Дзярждэпартамэнт ЗША афіцыйна абвясціў аб увядзенні другога пакета санкцый супраць Расеі праз справу Скрыпалёў. Яны набудуць моц пасля 17 жніўня і будуць дзейнічаць як мінімум адзін год, перадае ВВС.

Як адзначаецца ў паведамленні Дзярждэпу, у рамках новага пакету санкцый Вашынгтон будзе выступаць супраць выдачы любога крэдыту, фінансавай або тэхнічнай дапамогі Расеі з боку міжнародных фінансавых арганізацыяў, такіх як Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд.

Акрамя таго, санкцыі прадугледжваюць забарону амерыканскім банкам выдаваць пазыкі ў валюце расейскім уладам.

ЗША таксама ўводзяць дадатковыя экспартныя абмежаванні для матэрыялаў, якія могуць падпадаць пад палажэнне аб нераспаўсюджванні хімічнай і біялагічнай зброі.

Новыя меры ўступяць у сілу пасля 15-дзённага перыяду апавяшчэння кангрэса і будуць дзейнічаць на працягу як мінімум 12 месяцаў.

Паводле ўмоваў амерыканскага боку, новы пакет санкцый можа быць адменены, калі Расея пад кантролем інспектараў гарантуе адмову ад выкарыстання хімічнай зброі і пагодзіцца выплаціць кампенсацыі пацярпелым ад атручвання.

Мэй сказала Пуціну, што думае пра атручванне Скрыпаля

4 сакавіка 2018 года Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка былі знойдзеныя без прытомнасці на лаўцы ў англійскім горадзе Солсбэры. Іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок». Пасля замаху Скрыпалі доўгі час знаходзіліся ў рэанімацыі.

Лондан абвінаваціў Маскву ў хімічнай атацы на сваёй тэрыторыі. Вялікая Брытанія выслала з краіны 23 прадстаўнікоў расейскага дыпламатычнага корпусу ў звязку з замахам на Скрыпалёў. Пазней расейскіх дыпламатаў таксама выслалі ЗША і шэраг еўрапейскіх краінаў.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары