ЗША падоўжыла на паўгода прыпыненне санкцый супраць 9 беларускіх кампаніяў


24 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША дазволіла айчынным кампаніям заключаць угоды з 9 беларускімі прадпрыемствамі, якія трапілі пад санкцыі ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Дазвол не вызваляе заблакаваную ўласнасць гэтых прадпрыемстваў, адзначылі ў ведамстве.

Рашэнне будзе дзейнічаць паўгода – да 30 красавіка 2018 года, калі яго не падоўжаць альбо не адменяць.

У спісе: «Белнафтахім» і яго філіялы ў ЗША (Belneftekhim USA), «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарбы», ААТ «Нафтан», «Полацк Шкловалакно».

Гэтыя прадпрыемствы могуць, хоць і з абмежаваннямі, гандляваць з амерыканскімі кампаніямі. Амерыканскія кампаніі могуць праводзіць угоды з гэтымі прадпрыемствамі, аднак калі сума ўгоды перавышае $ 50 тысяч, то трэба паведаміць Дзярждэпартамэнту ЗША цягам 30 дзён, паведамляе tut.by.

Гэткім паслабленнем у 2015 годзе Вашынгтон адрэагаваў на пэўную палітычную адлігу ў Беларусі – вызваленне палітвязняў і спакойныя прэзідэнцкія выбары.

Агулам санкцыі супраць Беларусі застануцца ў сіле да чэрвеня 2018-га года. Такое рашэнне прыняў Доналд Трамп

Санкцыі ў дачыненні Лукашэнкі ды яшчэ шэрагу беларускіх чыноўнікаў тагачасны прэзідэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш увёў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га года. Яны прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асоб у амерыканскіх банках, забарону ім на ўезд у ЗША, забарону амерыканскім кампаніям весці з імі справы.

У 2010 годзе, пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў, спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША, пашырылі. У чорным спісе знаходзяцца Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Віктар, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман, былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі кіраўніка Беларусі Наталля Пяткевіч ды іншыя. Поўны спіс чыноўнікаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША, не агалошваюць паводле закону.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў