ЗША пачынаюць выхад з дамовы аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці


Амерыканцы кажуць, што Расея парушала дамову, стварыўшы крылатую ракету для «Іскандэраў». На здымку: ракетныя комплексы «Іскандэр-М» на рэпетыцыі параду да Дня перамогі на Краснай плошчы ў Маскве 6 траўня 2018 года. Фота – Marina Lystseva/TASS

2 лютага Злучаныя Штаты прыпыняць выкананне Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой дальнасці. Праз паўгода ЗША могуць выйсці з гэтай дамовы канчаткова.

Аб прыпыненні Вашынгтонам выканання Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай дальнасці заявіла намеснік дзяржсакратара ЗША па кантролі за ўзбраеннямі і міжнароднай бяспекі Эндрэа Томпсан (Andrea Thompson) на брыфінгу ў штаб-кватэры NATO ў Бруселі ў сераду, 16 студзеня, перадае «Deutche Welle».

Амерыканцы ўжо ладзяць даследаванні новых сістэмаў узбраення. Пасля 2 лютага абмежаванні ДРСМД не будуць стрымліваць іх.

Паводле NATO, Расея парушыла дамову, стварыўшы крылатую ракету наземнага базавання 9M729 для комплексу «Іскандэр».

«Парушэнні не павінны заставацца без наступстваў. Як я сказала расейскім суразмоўцам, у Расеі ёсць выбар: або пакінуць сваю ракетную сістэму, якая парушае дамову, або захаваць дамову аб РСМД. І адно, і другое разам – немагчыма», – заявіла Томпсан.

У снежні дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў (Mike Pompeo) даў Расеі 60 дзён на тое, каб яна вярнулася да выканання ДРСМД. Гэты тэрмін скончыцца 2 лютага.

Сталая прадстаўніца ЗША пры NATO Кей Бэйлі Гатчысан (Kay Bailey Hutchison) удакладніла, што 2 лютага пачнецца шасцімесячны тэрмін, падчас якога яе краіна будзе заставацца бокам ДРСМД. ЗША выйдуць з дамовы толькі па яго заканчэнні.

«У Расеі ўсё яшчэ ёсць шэсць месяцаў, перш чым выхад [з Дамовы] будзе канчатковым. Гэта апошні шанец для Расеі захаваць дамову», – заявіла Гатчысан.

ЗША і СССР падпісалі ДРСМД, паводле якой адмовіліся ад балістычных ракетаў наземнага базавання сярэдняй (ад 1 тыс. да 5,5 тыс. км) і малой (ад 500 да 1 тыс. км) далёкасці.

ДД/Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары