ЗША пачалі вывад амерыканскіх вайскоўцаў з Сірыі


25 траўня 2017 года. Амерыканскія камандас у Сірыі. Фота – Delil Souleiman / AFP / Getty Images.

У Белым доме пацвердзілі інфармацыю аб хуткім вывадзе амерыканскіх войскаў з Сірыі. Гаворка ідзе прыкладна пра 2 тысячы вайскоўцаў ЗША.

«Мы пачалі вяртаць амерыканскіх вайскоўцаў дадому і пераходзім да рэалізацыі наступнай фазы гэтай кампаніі», – заявіла прэс-сакратар Белага дому Сара Сандэрс. Яна дадала, што перамога над «Ісламскай дзяржавай» не мае на ўвазе завяршэння ваеннай кампаніі, якую вядуць у Сірыі сілы кааліцыі.

«Злучаныя Штаты і нашы саюзнікі знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці зноў стаць на абарону амерыканскіх інтарэсаў, як толькі гэта спатрэбіцца, і мы працягнем сумесную барацьбу супраць радыкальных ісламскіх тэрарыстаў» – сказала Сандэрс.

Літаральна на мінулым тыдні спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША пры міжнароднай кааліцыі па барацьбе з «ІД» Бретт Макгурк заявіў журналістам у Дзярждэпартаменце, што вызваленне апошніх тэрыторыяў, што ўтрымліваюцца «Ісламскім дзяржавай», гэта справа бліжэйшых месяцаў. Паводле яго, на гэтых тэрыторыях знаходзяцца некалькі тысячаў найбольш непрымірымых баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Раней, у жніўні, колькасць байцоў «ІД» у Сірыі Пентагон ацэньваў у 13 тыс.

Міністр абароны ЗША Джым Мэттіс і іншыя высокапастаўленыя афіцыйныя асобы працягваюць выступаць за больш доўгатэрміновую вайсковую прысутнасць у Сірыі.

Цяпер у Сірыі знаходзіцца каля 2 тысячаў амерыканскіх вайскоўцаў, многія з якіх цесна ўзаемадзейнічаюць з курдскімі атрадамі самаабароны і арабскімі апалчэнцамі, вядомымі як Сірыйскія дэмакратычныя сілы.

У выпадку поўнага вываду войскаў ЗША з Сірыі амерыканская вайсковая прысутнасць у рэгіёне будзе заставацца значнай – у прыватнасці, 5 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў застануцца ў суседнім Іраку.

ІІ, belsat.eu, паводле «Голос Америки»

Глядзі таксама
Каментары