ЗША могуць стаць пасярэднікам у турэцка-курдскім канфлікце


Кіраўнік Белага дому Доналд Трамп не выключыў, што ЗША могуць стаць пасярэднікам паміж Турцыяй і сірыйскімі курдамі. Пра гэта прэзідэнт ЗША напісаў у сваёй старонцы ў Twitter.

«Мы разграмілі на 100 % «Ісламскую дзяржаву», і ў нас больш няма войскаў у раёнах Сірыі, якія цяпер атакуе Турцыя. Мы ідэальна справіліся з задачай! Але цяпер Турцыя нападае на курдаў, з якімі ваюе ўжо 200 гадоў… у нас ёсць тры магчымасці на выбар: адправіць у рэгіён тысячы салдат і выйграць вайсковым шляхам, жорстка фінансава задушыць Турцыю праз санкцыі ці стаць пасярэднікам паміж Турцыяй і курдамі!» – напісаў Трамп у сваім мікраблогу.

Раней з боку Доналда Трампа ўжо прагучалі пагрозы ў дачыненні да Турцыі, калі тая будзе «негуманна» паступаць з курдамі. Але ў Дзярждэпе ЗША агучваецца меркаванне, што неабходна дамагчыся спынення агню на поўначы Сірыі дыпламатычным шляхам.

9 кастрычніка Турцыя распачала вайсковую аперацыю на поўначы Сірыі. Мэтай наступу з’яўляецца намаганне адцясніць курдскія сілы ў памежных раёнах. ЗША адмовіліся падтрымліваць турэцкую армію ў гэтай аперацыі, але пры гэтым і не падтрымалі курдаў, якія ваявалі супольна з амерыканскімі вайскоўцамі супраць «Ісламскай дзяржавы».

Hавiны
Турцыя распачала аперацыю супраць сірыйскіх курдаў, якія ваявалі на баку ЗША
2019.10.07 19:07

СК belsat.eu

Стужка навінаў