ЗША – да стагоддзя БНР: Насуперак цяжкім абставінам беларусы адстойвалі незалежнасць


Амбасады ЗША ў Менску зрабіла заяву з нагоды стагоддзя падпісання Брэст-Літоўскага мірнага дагавора і ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Падаем тэкст заявы цалкам.

«Сто год таму быў падпісаны Брэст-Літоўскі мірны дагавор. Жах вайны схлынуў з гэтай зямлі, пакінуўшы за сабой іншыя канфлікты, гора і зруйнаванні. Заключаны мір быў, на жаль, нядоўгім.

Першая сусветная вайна пакінула глыбокі адбітак на чалавецтве. Разам з амбасадамі іншых краін, што бралі ўдзел у Вялікай вайне, Амбасада ЗША аддае даніну павагі загінулым салдатам і мірным грамадзянам, а таксама іх родным.

Штогод на Дзень перамір’я (11 лістапада, калі краіны Антанты і блоку Цэнтральных дзяржаў дамовіліся аб прыпыненні баявых дзеянняў) у гонар ахвяр вайны гучыць звон. На Беларусі былыя ворагі ляжаць побач адзін з адным на шматлікіх могілках уздоўж усёй былой лініі фронту – у цалкам знішчанай тады Смаргоні, у Крэве, Барунах, Ашмянах, Багданаве, Мядзелі, Валожыне, Баранавічах…

Беларусы, якім ніколі не бракавала няўрымслівасці і імкнення да справядлівасці і незалежнасці, пасля заключэння міру зрабілі спробу ўрэшце ўсталяваць уласную дзяржаўнасць. Аднак у віры супрацьлеглых мэтаў, амбіцыяў, настрояў і ваенных прысутнасцяў Беларуская Народная Рэспубліка ўжо меней чым праз год сканала.

25 сакавіка беларусы будуць ушаноўваць памяць тых, хто насуперак цяжкім, неспрыяльным абставінам адстойваў іх нацыянальную ідэнтычнасць і незалежнасць».

5 сакавіка 2018 года
Менск, Беларусь

Стужка навінаў