ЗША апублікавалі відэа палёту расейскіх Су-24 побач з амерыканскім эсмінцам


Расейскія бамбавікі Су-24 і верталёт Ка-27 некалькі разоў праляцелі ў небяспечнай блізкасці ад амерыканскага эсмінца «USS Donald Cook» у Балтыйскім моры.

Еўрапейскае камандаванне ўзброеных сіл ЗША апублікавала відэазапісы і фотаздымкі гэтага палёту.

Паводле ведамства, інцыдэнты мелі месца двойчы – 11 і 12 красавіка. Адзін з манеўраў быў прызнаны небяспечным, паколькі ў гэты момант на борце карабля адбывалася запраўка верталёта, які належыць хаўруснікам ЗША (па дадзеных CNN, гэта быў польскі верталёт).

USS Donald Cook – эскадронны мінаносец ВМС ЗША чацвёртага пакалення, галоўнай зброяй якога зʼяўляюцца кіраваныя ракеты.

У СМІ рэгулярна паведамляецца пра выпадкі небяспечнага збліжэння расейскіх самалётаў з караблямі і летакамі краін NATO У траўні 2015 года расейскі Су-24 праляцеў побач з амерыканскім эсмінцам «Рос» у Чорным моры. ВМС ЗША апублікавалі відэазапіс гэтага інцыдэнту.

ДР, belsat.eu паводле meduza.io

Стужка навінаў