«Зразумеў, што жыцця не будзе, забраў сям’ю і з'ехаў у Нямеччыну». Уладальнік БЧБ-кебабнай пакінуў Ваўкавыск


Аляксандр Навасад з сям’ёй. Фота з архіву героя

Эканамісту Аляксандру Навасаду 42 гады, ёсць двое дзяцей – сыну 12 гадоў, дачцэ 4 гады. Аляксандр валодаў дзвюма паспяховымі кропкамі продажу шаўрмы ў Ваўкавыску. Кебабныя былі прыкметныя – усё аформлена ў бел-чырвона-белых колерах, ва ўстановах віселі нацыянальныя сцягі.

Спачатку ніякіх праблемаў не было. У 2018 годзе Аляксандр Навасад атрымаў субсідыю 1000 долараў на развіццё бізнесу, пра паспяховага бізнесмена здымалі тэлесюжэты.

Кебабная Аляксандра Навасада. Фота з архіву героя

– У траўні мы пачулі, што на прэзідэнцтва вылучаюцца альтэрнатыўныя кандыдаты. Як толькі даведаліся пра Бабарыку, уступілі з жонкай у ягоную ініцыятыўную групу. У Ваўкавыску збіральнікаў подпісаў было няшмат, мы сабралі некалькі тысяч подпісаў у горадзе і раёне. У нас з жонкаю быў бізнес: у мяне – дзве гандлёвыя кропкі, у жонкі – крама дзіцячага адзення на рынку. На гэтых пляцоўках мы і пачалі збіраць подпісы, – распавядае Аляксандр.

У апошні дзень збірання подпісаў да яго падышлі міліцыянты: сказалі, што час скончыўся, далей гэта – несанкцыянаваная акцыя. Аляксандра затрымалі, склалі пратакол паводле артыкулу 23.4 КаАП і далі сем содняў.

Так кебабная Аляксандра Навасада выглядала ўнутры. Фота з архіву героя

На гэтым праблемы не скончыліся. Калі Аляксандр вызваліўся, то пастанавіў быць назіральнікам на сваім выбарчым участку. Але камісія не дазволіла сачыць за галасаваннем, прыйшлося дзяжурыць на вуліцы. 7 жніўня яго зноў затрымалі, склалі пратакол паводле артыкулаў 23.4 і 17.1, дзень галасавання ён сустрэў у зняволенні. Прысуд – 10 содняў.

– Старшыня выбарчае камісіі выклікала міліцыю, маўляў, я перашкаджаў ёй працаваць. Хоць я не перашкаджаў, я быў назіральнікам і павінен быў заставацца на ўчастку, – тлумачыць мужчына.

Увосень пачаліся праблемы з бізнесам. Хоць за два гады не было ні правяранняў, ні прэтэнзіяў.

Кебабная Аляксандра Навасада. Фота з архіву героя

– У бізнес я ўклаў больш за 10 тысяч долараў. Спачатку адкрыў адну кропку, потым выйграў тэндар на другую – у самым цэнтры. Гандлёвыя кропкі ў мяне былі ў бел-чырвона-белых колерах. Ніякіх пытанняў ва ўладаў не было, каляраванне ў 2019 годзе зарэгістравалі ў райвыканкаме. У горадзе ўсе ведалі пра маю пазіцыю, у нас вісеў нацыянальны сцяг. Рабілі мы вельмі якасна – мяса самі рыхтавалі, соус гатавалі самі, лаваш быў смачны. Прапаноўвалі шаўрму, хот-догі, каву. Людзі да нас актыўна пайшлі, – распавядае Аляксандр.

Дамову аб спыненні арэнды даслалі 2 кастрычніка. Прыйшла санстанцыя. Штраф – 560 рублёў, бо прадавец не зашпіліў халата ды не паспелі паставіць дату, калі адкрылі пакунак сасісак.

– Такія страшныя парушэнні… Сказалі, што хутка прыйдуць падатковая і МНС. У дамове арэнды быў пункт пра тое, што Ваўкавыская камунальная гаспадарка можа адабраць вылучаную пляцоўку «для ўласных патрэбаў». Гэтак і здарылася: 5 лістапада ўсё вывезлі. Я пазбавіўся бізнесу, пасля судовых працэсаў зразумеў, што жыцця не будзе. Плюс на жонку пачалі ціснуць – да яе прыйшлі з правяраннем сертыфікатаў на дзіцячую вопратку, – распавядае бізнесовец.

Кебабная Аляксандра Навасада. Фота з архіву героя

Як толькі выявілася, што бізнесу няма, Аляксандр пастанавіў зʼязджаць з сямʼёю з краіны. Цяпер яны чакаюць палітычнага прытулку ў Нямеччыне, спыніліся ў Мюнхене.

– За мной дагэтуль вісяць дзве адміністратыўныя справы. Яшчэ пайшлі пагрозы, што за сваю пазіцыю я атрымаю крымінальны артыкул, – распавядае мужчына. – Трэба было ратаваць сямʼю. Мы просім палітычнага прытулку, чакаем пастановы.

Hавiны
«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы
2020.10.18 14:30

ІК belsat.eu

Стужка навінаў