Золатаў хоча адсудзіць у Навальнага мільён рублёў


Віктар Золатаў, дырэктар службы нацыянальнай гвардыі, падаў пазоў аб абароне гонару да Аляксея Навальнага. Кіраўнік Расгвардыі хоча, каб суд спагнаў з апазіцыянера 1 млн расейскіх рублёў і абавязаў Навальнага зняпраўдзіць звесткі з расследавання аб пастаўках ведамству харчоў. Праверкай гэтых паставак ужо занялася пракуратура.

11 снежня Віктар Золатаў падаў у Люблінскі суд Масквы пазоў, у якім патрабуе прызнаць, што звесткі, распаўсюджаныя Навальным, ганьбяць яго і не адпавядаюць рэчаіснасці, падае «Інтерфакс».

«У прыватнасці, гаворка ідзе пра звесткі аб нерухомасці і кіраўніцтве, якое, паводле ягоных слоў, аб’ядае сваіх супрацоўнікаў», – распавёў журналістам адвакат Золатава Шота Гаргадзэ.

Адвакат дадаў, што калі Золатаў выйграе суд, то аддасць грошы на патрэбы аднаго з дзіцячых дамоў.

«Вельмі смешна. Учора ФСБ пацвердзіла высновы нашага расследавання і назвала кантракт Расгвардыі на закупку харчавання «карупцыйнаёмістымі». А сёння кіраўнік Расгвардыі Золатаў падае на мяне ў суд. Што ж на ФСБ не падаў? Ну ок, я ўсё гэта і ў судзе скажу», – адказаў Навальны ў «Тўітары».

Учора стала вядома, што антыманапольная служба паводле запыту ФСБ распачала справу аб парушэнні закону пры пастаўцы прадуктаў Расгвардыі мясакамбінатам «Дружба народов».

У жніўні Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне «Хто з іх аб’ядае Расгвардыю?», у якім сцвердзіў, што «Дружба народов» пастаўляла 340 тысячам служачых гвардыі харчы па завышаных коштах. Эксклюзіўнае права на гэтыя пастаўкі фірме надаў расейскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Фірмай кіруе былы калега Віктара Золатава.

У верасні Золатаў выклікаў за гэта Навальнага на дуэль, паабяцаўшы зрабіць з апазіцыянера «сакавітую адбіўную». Навальны прапанаваў дэбаты на адным з федэральных каналаў, але Золатаў адмовіўся.

ДД

Стужка навінаў