Золатавалютныя рэзервы Беларусі рэкордна выраслі. Ці гэта ўратуе беларускую эканоміку?

Абноўлена

Па стане на першага лістапада міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі склалі 9 мільярдаў 193,8 мільёны долараў ЗША (у эквіваленце). Пра гэта адзначаецца ў прэс-рэлізе Нацбанку.

Галоўная фінансавая ўстанова паведамляе, што золатавалютныя рэзервы Беларусі цягам кастрычніка выраслі на 4,1 %, ці на амаль 354 мільёны долараў ЗША і цяпер складаюць амаль 9,2 мільярды долараў. Дарэчы, гэта рэкордны паказчык.

Прычынамі росту ЗВР краіны стала набыццё Нацбанкам замежнай валюты падчас гандляванняў на «Беларускай валютна-фондавай біржы», паступленне замежнай валюты ў бюджэт (у тым ліку экспартных мытаў на нафту і нафтапрадукты), продаж Мінфінам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама павелічэнне коштаў на золата.

«У мінулыя гады ЗВР у асноўным павялічваліся за кошт набыцця валюты ў насельніцтва. Але сёлета пастаўнікамі валюты сталі і прадпрыемствы. Дынаміка тут плавае ад месяцу да месяца, але з пачатку году прадпрыемствы з’яўляюцца істотнымі пастаўнікамі валюты. У кастрычніку былі рэкордныя чыстыя пастаўкі валюты з боку прадпрыемстваў-рэзідэнтаў за апошнія гады. Яшчэ адна крыніца сёлета – дастаткова значны рост коштаў на золата», – адзначыў «Белсату» старшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Паводле планаў ураду і Нацбанку золатавалютныя рэзервы Беларусі па стане на 1 студзеня 2020 году павінны скласці не меней за 7,1 мільярдаў долараў.

Паводле Вадзіма Іосуба ЗВР павінна быць болей, каб абслугоўваць пазыкі краіны і імпарт.

«Есць розныя ацэнкі, якія вымяраюць неабходны аб’ём ЗВР краінаў. Так, напрыклад, паводле адной з іх сродкаў ЗВР павінна хапаць, каб два месяцы аплочваць імпарт краіны. У нас цяпер гэтых сродкаў хапае прыкладна на два з паловаю месяцы. Але акрамя імпарту сродкаў ЗВР павінна хапаць і на выплаты дзяржаўных вонкавых пазыкаў на працягу года. У наступным годзе мы павінны 3,8 мільярды долараў. Таму, каб адчуваць сябе добра і спакойна ў Беларусі, трэба было б мець каля 14 мільярдаў долараў», – адзначыў Вадзім Іосуб.

«Грошы проста з’ядаюцца». Што і хто замінаюць расці беларускай эканоміцы?

ЗВР краіны ў асноўным прызначаны для аплаты запазычанасцяў краіны. Па стане на першага кастрычніка вонкавыя пазыкі Беларусі складалі 16,5 мільярдаў долараў ЗША, унутраныя дзяржаўныя пазыкі – 8,7 мільярдаў рублёў або каля 4,25 мільярдаў долараў.

Пяцігодка або хлеб. Урад Румаса прапанаваў два сцэнары выратавання гаспадаркі

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары