Зняволенага раней бізнесоўца Яўгена Баскіна выпусцілі з «амерыканкі»


Зняволены раней кіраўнік кампаніі «Сервалюкс» Яўген Баскін выпушчаны з СІЗА КДБ пад хатні арышт.

Пасля тыдня зняволення ў СІЗА КДБ адтуль вызвалілі генеральнага дырэктара і асноўнага ўладальніка групы кампаніяў «Сервалюкс», найбуйнейшага ў Беларусі вытворцу мяса птушкі Яўгена Баскіна. Ён – шосты нумар у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі.

«У сувязі з наноў адкрытымі абставінамі па справе захада стрымання Баскіну змененая – ён адпушчаны пад хатні арышт», – паведаміў карэспандэнту Tut.by кіраўнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Паводле КДБ Баскін кампенсаваў суму шкоды, якую яму ставяць у віну.

Затрыманых падазравалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Па словах Вакульчыка, шкода, вызначаная толькі за содні следства, ацэньваецца ў Br 370 млрд.

Як паведаміў Вакульчык, кіраўніка групы кампаніяў «Сервалюкс» Яўгена Баскіна і яго фінансавага дырэктара затрымалі ў менскім аэрапорце – яны спрабавалі выехаць за мяжу.

Паводле наяўнай інфармацыі, астатнія былі затрыманыя ў другой палове дня 14-га сакавіка ў Магілёве, дзе размешчаны цэнтральны офіс кампаніі.

Яўген Баскін – адзін з самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі. Створаная ім група кампаніяў «Сервалюкс» уключае птушкафабрыкі, мяса- і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, камбікормавыя заводы.

У канцы мінулага года ў Беларусі крымінальныя справы былі ўзбуджаныя ў дачыненні да дзвюх буйных структур, якія займаліся, як і Баскін, вытворчасцю кармоў і імпартам кармавых дадаткаў, – «Біякома», які належыць сенатару Андрэю Паўлоўскаму, і «Консула», якім валодаюць браты Гільманавы і Віктар Раўкоў. Яны абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паводле інфармацыі крыніц, Раўкова таксама ўжо выпусцілі на волю.

Акрамя таго, працягваецца суд над экс-дырэктарам Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі сенатарам Ганнай Шарэйкай. Пасля яе затрымання Баскіна падазравалі ў ліквідацыі канкурэнтаў, але сурʼёзных аргументаў на карысць гэтай здагадкі не было. Сам Баскін заяўляў, што тэзіс аб «ліквідацыі» канкурэнта «выглядае недарэчна і абсурдна».

11-га сакавіка КДБ затрымаў іншага буйнога бізнесоўца Юрыя Чыжа. 21-га сакавіка яму выставілі афіцыйнае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў