Зноў перадумаў. Лябедзька зняў сваю кандыдатуру з выбараў старшыні АГП


Сёння праходзіць з’езд партыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі, на якім будзе абраны старшыня партыі.

Раней паведамлялася, што на пасаду старшыні прэтэндуюць чатыры асобы: Мікалай Казлоў, Васіль Палякоў, Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька, які далучыўся крыху пазней. Яшчэ ў красавіку ён казаў, што не будзе балатавацца, але пасля ўсё ж такі вырашыў прыняць удзел у выбарчай гонцы. Магчыма, такое рашэнне палітыка было звязанае з падазрэннямі, што, калі Канапацкая ўзначаліць АГП, то можа пачаць супрацоўнічаць з у ўладамі і прывядзе да расколу партыі.

Сёння ж падчас адкрыцця з’езду Лябедзька зняў сваю кандыдатуру. Учора спыніла свой удзел у выбарах Ганна Канапацкая.

«Мая каманда правяла сурʼёзнае даследаванне і аўдыт дзейнасці АГП за некалькі гадоў. Вынікам гэтай працы стала выніковая справаздача, якая выявіла маю недаацэнку сурʼёзных праблемаў у Абʼяднанай грамадзянскай партыі. На парадку дня нашай партыі павінна стаяць сістэмная, структурная перазагрузка. Для яе ажыццяўлення патрабуецца штодзённая праца цягам некалькіх гадоў. Сумяшчэнне дэпутацкай працы ў Палаце прадстаўнікоў з рэалізацыяй маёй абноўленай праграмы рэформаў АГП не ўяўляецца магчымым», – напісала дэпутатка ў сваім профілі на Facebook.

Супрацьстаянне паміж Ганнай Канапацкай і Анатолем Лябедзькам узнікла даўно. Канапацкая не можа дараваць партыі, што тая моцна крытыкуе, не падтрымлівае, нават асуджае яе дэпутацкую дзейнасць. У партыі наспяваў раскол. Лябедзька і Канапацкая на выпадак паразы падрыхтавалі «план Б» – заснаванне новых грамадскіх структураў. Нашыя крыніцы кажуць, што Канапацкая прапаноўвала зняць сваю кандыдатуру, але з умовай, што і Лябедзька мусіць таксама спыніць удзел у выбарчай гонцы. Супрацьстаянне двух лагераў вылілася ў тое, што два яўных лідара зняліся.

Старшыня АГП будзе абраны ўжо сёння.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў