Знішчальнікі Су-30СМ пачалі навучальна-баявыя палёты ў небе Беларусі. ВІДЭА


Беларускія лётчыкі на набытых у Расеі знішчальніках Су-30СМ пачалі стрэльбы па наземных цэлях, паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.

ВаенТБ Беларусі апублікавала атмасфернае відэа, на якім бачны ўзлёт самалёта і ягоны палёт з выкарыстаннем узбраення.

На палігонах баявыя самалёты знішчаюць умоўнага праціўніка авіябомбамі, некіраванымі ракетамі і снарадамі 30-міліметровых пушак.

«Залаты» кантракт

Беларусь заключыла кантракт на набыццё ў Расеі 12 цяжкіх шматмэтавых знішчальнікаў Су-30СМ. У 2019 годзе адбылася пастаўка першых 4 машын. Прыкладны кошт усёй пастаўкі дарагіх самалётаў ацэньваўся ў 600 мільёнаў долараў.

Інфаграфіка Вайсковага інфармацыйнага агенцтва Ваяр Мінабароны Рэспублікі Беларусь

Паведамлялася, што Расея не дапамагае Беларусі з фінансаваннем гэтага кантракту, у выніку чаго незразумела адкуль узяліся такія сумы (12 самалётаў каштуюць прыкладна як увесь гадавы бюджэт Мінабароны Беларусі).

Пры гэтым проста эксплуатацыя пражэрлівых машын за год будзе каштаваць яшчэ дзясяткі мільёнаў долараў – раней беларуская армія адмовілася ад аналагічных машын Су-27, якія засталіся з часоў СССР, менавіта з-за вялікага кошту ўтрымання і палётаў.

Знішчальнік для дыпламатыі, а не вайны?

Аналітычны рэсурс Belarus Security Blog адзначае, што Беларусі для абароны было б мэтазгодна мець лёгкія знішчальнікі тыпу МіГ-35, а не цяжкія і дарагія Су-30СМ, бо няма неабходнасці ў машынах вялікага радыусу дзеяння. Да таго ж лёгкія знішчальнікі значна танней пры набыцці і эксплуатацыі, а тэрмін іхнай службы значна большы.

Су-27

Па меркаванні «Air Forces Monthly», гэты Су-27, які зараз выкарыстоўваецца амерыканскімі лётчыкамі для трэнаванняў па супрацьстаянні расейскай авіяцыі, раней належаў Беларусі.

Hавiны
Амерыканскія пілоты выкарыстоўваюць былы беларускі Су-27 для навучання?
2016.12.20 12:53

Аднак, калі ўлічыць, што як мінімум з 2013 году Расея цісне на Беларусь з мэтай паставіць у нас сваю базу ваенна-паветраных сіл, то набыццё машын набывае іншае значэнне. Верагодна, кантракт заключаны для простай дэманстрацыі ваенна-тэхналагічнай лаяльнасці, а таксама, каб паказаць, што Беларусь можа сваімі сіламі абараніць сваю паветраную прастору.

belsat.eu

Стужка навінаў