Знешнепалітычны агляд МЗС Беларусі: якія праблемы ёсць у дачыненнях з Расеяй?


У аглядзе вынікаў знешняй палітыкі за 2018 год, які апублікаваў МЗС Беларусі, адзначаецца: на Расею прыпадае амаль палова беларускага знешняга гандлю, але ўзаемадзеянне было б больш эфектыўным пры роўных умовах гаспадарання, вырашэнні праблем у нафтагазавай сферы і ў пастаўках сельгаспрадукцыі, а таксама ўрэгуляванні рэжыму перасячэння беларуска-расейскай мяжы замежнікамі.

У МЗС адзначаюць, што Беларусь захавала прыхільнасць «стратэгічнаму партнёрству з Расейскай Федэрацыяй»: прэзідэнты Беларусі і Расеі правялі за год 10 сустрэч у розных фарматах. Пры гэтым Беларусь працягнула «выбудоўваць і напаўняць прадметным зместам» дыялог з ЕЗ, ЗША і іншымі заходнімі краінамі.

За студзень – лістапад 2018 года на Расею прыпадала 38,4% беларускага экспарту і 59,3% імпарту, а Беларусь уваходзіць у пяцёрку асноўных гандлёвых партнёраў Расеі.

Узаемадзеянне ў розных сферах, паводле МЗС, магло б быць больш эфектыўным у выпадку забеспячэння роўных умоў гаспадарання, доступу да рынкаў тавараў і паслуг, вырашэння праблемных пытанняў у нафтагазавай сферы, зняцця праблем у галіне паставак сельгаспрадукцыі, урэгулявання рэжыму перасячэння беларуска-расейскай мяжы грамадзянамі трэціх краін.

Перамовы з Расеяй па пагадненні аб узаемным прызнанні візаў знаходзяцца «у завяршальнай стадыі». Дакумент планавалася падпісаць 12 снежня ў Берасці, але высветлілася, што ён не прайшоў усе стадыі ўзгаднення ўнутры Беларусі.

У адносінах з Еўразвязам МЗС адзначае некалькі візітаў еўракамісараў ў Беларусь, Уладзіміра Макея ў Брусель і нагадвае, што паміж Менскам і Бруселем працягвала працаваць каардынацыйная група, якая правяла два паседжанні ў 2018 годзе.

Паводле ацэнкі МЗС, перамовы па «Прыярытэт партнёрства» (якія вядуцца ўжо больш за год) выведзеныя «на заключную стадыю». Гэты дакумент стане дарожнай мапай супрацоўніцтва з ЕЗ на 2019-2020 год, калі будзе падпісаны. У «завяршальную стадыю» уступілі і перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму, адзначае ведамства.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў