Знаёмы нападніка на Верхнядзвінскіх міліцыянтаў: Ягоны светапогляд адрозны ад іншых


Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце нападу 18-гадовага юнака з Смаргоні на Дэпартамент аховы МУС у Верхнядзвінску. Юнаку інкрымінуюць замах на забойства супрацоўнікаў МУС, паведамляе прэс-служба СК.

«Белсат» раней апублікаваў размову з былой настаўніцай Г. Гэтым разам на ўмовах ананімнасці пра юнака «Белсату» распавёў яго аднакласнік.

Hавiны
Былая настаўніца нападніка на Верхнядзвінскі РАУС: Гэты чалавек апынуўся не ў сваім часе, не ў сваёй эпосе
2020.01.02 13:33

«Я вучыўся з Г. з першага класа. У 9-м класе ён перавёўся ў іншую школу. Але ў 10-11-х класах навучаўся ў вайскова-патрыятычным класе. Таму надалей былі разам. Мы з ім досыць шчыльна камунікавалі. Былі ў нас і канфлікты. Калі яго нечым закрануць моцна, то ў хлопца былі такія выбухі эмоцыяў. Яго немагчыма было спыніць у такія моманты», – распавёў «Белсату» знаёмы Г.

Хлопец кажа, што Г. быў заўсёды адзін, але з ім можна было паразмаўляць. Праўда, часам ён казаў, каб адчапіліся ад яго, паколькі яму не цікава. Было зразумела, што ягоны светапогляд адрозны ад іншых.

Г. трэці ў другім радзе злева

«У нас былі з ім вострыя спрэчкі, якія ледзь не даходзілі да канфліктаў. Неяк мы з ім паспрачаліся моцна, дык у выніку ён нават некалькі дзён пасля гэтага не прыходзіў у школу. Што цікава, кожны дзень ён спазняўся ў школу, бо нібыта не хацеў, каб на яго траплялі позіркі людзей. У Г. ёсць старэйшы брат, які заўсёды абараняў яго».

Знаёмыя лічаць, што прычынаю імкнення да адзіноты сталася гіперапека з боку бацькоў.

«Ён быў вельмі разумным. І карыстаўся сваймі ведамі. Гэтак, напрыклад, ён распавядаў, што неяк забраўся на дах. З-за гэтага да яго прычапіліся міліцыянты. Але хлопец адгаварыўся, пераканаў міліцыянтаў. Ён зрабіў гэта наўмысна, каб паспрачацца з сілавікамі».

На уроках Г. не вельмі стараўся, адзнакі ў яго былі не вельмі добрыя. Паводле юнака, Г. мог проста адказваць настаўнікам, што нібыта не разумее, што тыя тлумачаць. У выніку часта ўзнікалі спрэчкі з настаўнікамі, якія даходзілі нават да канфліктаў.

Фота: асабісты архіў знаёмага Г.

«Ён наўмысна правакаваў такія канфліктныя сітуацыі, было бачна, што яму гэта вельмі падабаецца. А вось настаўнікі за гэта яго не вельмі любілі».

Знаёмы Г. кажа, што паведамленне пра напад на РАУС выклікала ў яго неадназначную рэакцыю.

«Я меркаваў, што нешта з Г. адбудзецца. Доўга думаў, навошта ён гэта зрабіў? А калі пачытаў, то мне падалося, што хлопец наўмысна пайшоў на злачынства. Ён ведаў, што патрапіць у турму. Але ў турме яго будуць паважаць і перакананы, што за кратамі ён будзе намагацца прасунуць свае погляды».

Ён любіў гісторыю, законы, яму гэта вельмі падабалася. Хлопец правакаваў сітуацыі, каб прадэманстраваць свае веды, каб іх узмацніць іх на практыцы. Але, як лічыць знаёмы Г., гэтым разам ён пайшоў вельмі далёка.

18-гадовы Г. у навагоднюю ноч напаў на міліцыянтаў і параніў нажом дваіх супрацоўнікаў МУС. Перад нападам ён выклаў у інтэрнэце свой відэазварот і апублікаваў «маніфест». Юнак прызнаўся, што зрабіў гэта з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне.

Тым не менш, як паведамілі ў СК, крымінальная справа кваліфікавана як замах на забойства супрацоўнікаў органаў унутраных справаў (ч.1 арт.14, ст.362 КК).

Паводле следства, раніцай 1 студзеня юнак кінуў на тэрыторыю аддзялення Дэпартаменту аховы дзве шкляныя бутэлькі з гаручай вадкасцю. Дзяжурны адразу ж перадаў інфармацыю ў РАУС. Калі хлопца затрымлівалі, ён супраціўляўся і параніў нажом дваіх міліцыянтаў.

Затрыманаму прыйдзецца прайсці комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. «Кактэйлі Молатава» таксама канфіскавалі і адправілі экспертам.

Цяпер з падазраваным праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, вядзецца расследаванне.

Hавiны
Навучаўся ў ваенна-патрыятычным класе. Што вядома пра нападніка на Верхнядзвінскі РАУС?
2020.01.02 06:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў