Знак пераносу як вынік дыялогу з пластылінавай лялькай

Як і меркавалі шматлікія назіральнікі, ніякай паперы прэзідэнты не падпісалі.

Справа не ў мітынгу ў Менску. Справа ва ўнутраным перакананні, з якім прэзідэнты сустракаліся. Адзін разумеў, што адступаць яму няма куды, другі – што ў прынцыпе без якой-небудзь паперы ён можа абысціся. Таму адзін трымаўся, як той «юнак на допыце», а другі асабліва, як можна меркаваць, і не настойваў. І не ціснуў. Хутчэй – зноў-такі, па нашай здагадцы – ціснулі на яго. Але расейская палітыка ў стаўленні да Беларусі ніколі не была цвёрдая – яна была, хутчэй, вязкай. Ну, ткнеш у яе (у Расею) або ў яго (у Крэмль) пальцам, ну, застанецца след. Але ты нічога не зламаў, ня разбурыў – нават калі праткнуў наскрозь. Як з пластылінавай лялькай.

Абноўлена
5 гадзінаў перамоваў. Лукашэнка пакінуў Сочы без заявы для прэсы
2019.12.07 20:27

І вось ты сядзіш і глядзіш на пластылінавую ляльку. Ці нават тыкаеш у яе пальцам. Але ўсё без выніку. Пластылінавая лялька ня адчувае твайго гневу, твайго болю, не чуе цябе. Яна сядзіць насупраць – як «Ждун», які выйшаў з моды, а ты распінаешся, кажаш пра братэрскія пачуцці, пра ваенны саюз, пра прэзідэнцкія выбары, якія маюць нарэшце адбыцца. А яна (ён? яно?) сядзіць і маўчыць.

І так – пяць гадзін запар.

І нават калі ён (яно? яна?) ўстаўляе нешта малазразумелае накшталт «Ах, так», «Мне казалі», «Вядома, вядома» – сітуацыя ад гэтага змяніцца не можа. Таму што год таму – калі быў шанец, што палітыка будзе цвёрдай, а значыць, была надзея яе зламаць (пераламаць?) – ён сам прапанаваў бясконцыя выматвальныя ўзгадненні, якія скончыліся дакладна тым, з чаго пачаліся. З «ультыматуму Козака».

Бо і на гэты раз выйшаў Козак і сказаў, што…

Ах, так… Здаецца, ніхто нічога не сказаў. Паабяцалі, што скажуць што-небудзь 20 снежня. І што прагрэс, прабачце за непрыстойны выраз, намеціўся.

Беларуска-расейскія перамовы. Сочы, 7 снежня 2019 года. фота Mikhail Klimentyev/Kremlin

Але пластылін да 20 снежня не размякне і ня зацвярдзее. Ён застанецца тым жа, таму што тэмпература адносінаў не зменіцца. І тады – што рабіць?

Учора ўсім – і яму, нашаму «першаму», у якога «пул», – здавалася, што самае галоўнае – згуляць ролю палоннага, які не можа пайсці супраць таго, хто ўзяў яго ў палон народа. Але вось народ сваю праблему вырашыў – да 20 снежня, а «наш» сваю – не. Нават да 20 снежня. Таму што пытанні засталіся.

У бюджэт 2020 года ўжо закладзеныя новыя цэны на нафту і газ?

Што будзе з анансаваным напярэдадні міністрам фінансаў павышэннем заробку бюджэтнікам?

Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Уладзімірам Пуціным. Сочы, 7 снежня 2019 года. Фота Mikhail Klimentyev / Kremlin

Тут нехта казаў пра неабходнасць цалкам аплочваць камунальныя паслугі? Мы ўжо ўшчыльную падышлі да гэтага, ці дабрадзействы ўрада працягнуцца, і жыроўка застанецца на ранейшым узроўні?

Гэта не нашыя пытанні. Нам не даюць пра іх задумвацца. Бюджэт прымаецца дэпутатамі практычна без бою; перамовы, у выніку якіх вызначаюцца цэны на энерганосьбіты, вядуцца за зачыненымі дзвярыма, і чым мы плацім за ўладкоўвае нашу ўладу цану, мы так і не даведаемся. Ну, камуналка… Адкуль яны там, наверсе, наагул узялі, што мы ўсё яшчэ не плацім за камуналку ўсе 100%? Яны разлікі свае нам паказвалі? Яны казалі нам, як яны эканомяць? І калі не кажуць, то чаму патрабуюць плаціць больш – на падставе якіх разлікаў?

Уласна кажучы, гэта не мы ўсе гэтыя пытанні задаем. «Першы» – той, у якога цэлы «пул» – задае іх сабе. Таму што ад адказу гэтыя пытанні залежыць адказ на яго ўласнае пытанне: з чым ён уваходзіць у 2020 год? З чым ён пойдзе на выбары? Бо ён-та – не пластылінавы.

Стоп. Я ўяўляю сабе рэдактара сайта, які чытае гэты тэкст і які прамаўляе сакраментальнае:

– Спадар аўтар, ці не занадта шмат пытальнікаў?

На самай справе ўсе гэтыя пытальныя знакі – замена знака пераносу. Таму што перанос канчатковага вырашэння праблемы ў бясконцасць – гэта знак таго, што рашэння не існуе ў прынцыпе.

А што мусіць змяніцца да 20 снежня? Чаму ўсё зноў перанеслі? Апанент разагрэецца да такой ступені, што яго можна будзе размазаць па сценцы і прымусіць здацца? А хіба гэта магчыма? За пяць гадзінаў – так і не сагрэўся, не стаў мякчэйшым.

І зараз усе ведаюць дакладна: 20 снежня можа адбыцца толькі адно – поўная здача на ласку пластылінавага «Ждуна». Альбо ізноў усё перанясецца ў нікуды і ніколі.

Будзем спадзявацца на апошняе. Таму што наступны мітынг могуць і разагнаць.

ВІДЭА
У Менску пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. «Белсат» правёў стрым
2019.12.05 17:41

Аляксандр Фядута/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў