Знайшлі зброю, з якой забілі Міхася Жызнеўскага


Аўтаматы і снайперскія вінтоўкі, з якіх расстрэльвалі Майдан, знайшлі ў вадаёме пад Кіевам.

Генеральная пракуратура Украіны прадставіла новыя доказы датычнасці Віктара Януковіча да расстрэлаў удзельнікаў Майдану падчас Рэвалюцыі годнасці ў Кіеве. Аднак звышскладана прыцягнуць да адказнасці як экс-прэзідэнта, гэтак і дзясяткі «беркутаўцаў», што забівалі людзей на ягоны загад, кажуць следчыя. Бо і кіраўнікі, і выканаўцы расстрэлу хаваюцца ў Расеі або ў акупаваным Крыме. З Кіева – Алена Літвінава.

Праваахоўныя органы Украіны знайшлі ды прадэманстравалі грамадскасці зброю, з якой у лютым 2014 года расстрэльвалі актывістаў Рэвалюцыі годнасці, у тым ліку беларуса Міхася Жызнеўскага. Цяпер з ёю працуюць эксперты, каб вызначыць прыналежнасць да сілавых органаў.

Фрагменты 23-х адзінак зброі: аўтамата Калашнікава, снайперскіх вінтовак Драгунова і помпавых «Форт» знайшлі ў вадаёме і прыбярэжнай паласе за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Майдану незалежнасці. На дванаццаці стрэльбах ужо аднавілі ідэнтыфікацыйныя нумары, яшчэ на сямі – часткова. Раней следства, спасылаючыся на паказанні аднаго з абвінавачваных камандзіраў роты «Беркут», меркавала, што зброю вывезлі ў Крым.

«Як выявілася, зброі нікуды не вывозілі. Прыхавалі ў бязлюдным месцы ды зрабілі ўсё, каб яе немагчыма было ідэнтыфікаваць. Гэта сведчыць пра тое, што людзі, якія гэта рабілі, выразна ўсведамлялі: з гэтай зброі здзяйсняліся злачынствы», – кажа начальнік упраўлення спецыяльных расследаванняў Генеральнай пракуратуры Украіны Сяргей Гарбацюк.

Некаторыя ж эксперты звяртаюць увагу менавіта на час абнародавання новых доказаў вінаватасці януковічскіх праваахоўнікаў у злачынствах супраць Майдану. Чаму інфармацыю абнародавалі падчас урадавага крызісу і высвятлення дачыненняў між камандамі прэзідэнта і прэм’ера?

Прэм’ер Яцэнюк цвердзіць, што ўлады не маюць права падарваць веру грамадзянаў у будучыню краіны і маюць давесці адданасць каштоўнасцям Майдану. Ён прызнае памылкі свайго ўраду, але патрабуе ад палітыкаў не палохаць яго адстаўкай. І яшчэ прапаноўвае адмовіцца ад фармавання ўраду паводле партыйных квотаў, згодна з рэпрэзентацыяй у парламенце:

«Я мяркую, што цяперашні крызіс – неабходны для ўкраінскага палітычнага класу. І мы мусім выкарыстаць гэткую магчымасць, каб перазагрузіць дачыненні ва ўкраінскай уладзе. Каб абвесціць прынцыпы, паводле якіх урад будзе і далей працаваць ды праводзіць рэформы», – кажа прэмʼер.

Але не ўсе дэпутаты парламенту гатовыя пераладавацца. Дзве з чатырох фракцыяў урадавай кааліцыі: «Бацькіўшчына» ды «Самапоміч» – адмовіліся ад супрацы з урадам Яцэнюка.

За два гады ў справе пра злачынствы супраць Майдану арыштавалі 5 з 25 абвінавачваных супрацоўнікаў «Беркуту». Украінцы спадзяюцца, што гэтае расследаванне не паўторыць лёсу гучнай справы знікнення журналіста Георгія Гангадзе, якую згадвалі ў складаныя палітычныя моманты і перад выбарамі.

Глядзіце рэпартаж Алены Літвінавай з Кіева:[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/xPN8PedJptE?t=55s”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў