«Значыць, быў такі план». Галоўная рэдактарка Tut.by засталася адзінай падазраванай па «справе БелТА»


Марына Золатава. Фота – Станіслаў Шаршукоў / Tut.by

30 лістапада галоўнай рэдактарцы Tut.by адмовілі ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу.

Гэтае рашэнне Марыне Золатавай агучыў кіраўнік следчай групы Аляксандр Сяменік.

«Значыць, быў такі план», – сказала Марына Золатава «Белсату».

Tut.by падае, што ў Марыны Золатавай ёсць месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы. Затым яна зможа зноў звярнуцца з хадайніцтвам у пракуратуру аб спыненні крымінальнага пераследу.

Такім чынам, цяпер Марына Золатава – адзіная абвінавачваная па «справе БелТА».

На пытанне, ці не варта назваць «справу БелТА» «справай Tut.by», Золатава кажа, што «версіяў тут мноства, але ні ў адной яна не перакананая».

«Калі б я была чымсьці ўпэўненая, я б пра гэта сказала. Але дакладна магу сказаць, што калі мне адмовілі ў хадайніцтве, значыць, так было запланавана. Тое, што скіравана гэта ў Tut.by – мне падаецца, гэта відавочна: Tut.by – самы папулярны беларускі інтэрнэт-рэсурс», – кажа Золатава нашаму каналу.

Раней ад крымінальнай адказнасці вызвалілі ўсіх іншых журналістаў па «справе БелТА» – і прыцягнулі да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты абавязаныя выплаціць БелТА нанесеную шкоду. Сумы штрафаў вагаюцца ад Br 3 000 да 17 000.

Галоўную рэдактарку Tut.by абвінавачваюць у «бяздзейнасці службовай асобы» (частка 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу). Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакаранне ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

7 жніўня ў офісах кампаніяў Tut.by і БелаПАН прайшлі ператрусы, падчас якіх затрымалі галоўную рэдактарку Марыну Золатаву, рэдактарак парталу Ганну Калтыгіну, Галіна Уласік і Ганну Ермачонак, галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і міжнародную аглядальніцу агенцтва Таццяну Каравянкову, карэспандэнта «Нямецкай хвалі» Паўла Быкоўскага і рэдактара інтэрнэт-старонкі газеты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

27 жніўня большасці падазраваных забаранілі выезд з краіны.

Журналістаў і рэдактараў падтрымалі Еўразвяз, Рада Еўропы, Злучаныя Штаты, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

ДД

Стужка навінаў