Зміцер Паліенка падчапіў у калоніі экзему


Вязня перавялі ў шпіталь следчай турмы ў Жодзіне.

Анархіст Зміцер Паліенка ў лісце да сяброўкі Марыны Насенка піша, што хварэе на бактэрыяльную экзему.

Мікробная экзэма – другаснае запаленчае дерматолагічнае захворванне, якое развіваецца вакол ранаў, язваў і расколін з прычына інфікавання. Асабліва часта з’яўляецца на нагах.

Паводле Марыны Насенкі, адміністрацыя бабруйскай калоніі 27 сакавіка перавяла Змітра ў шпіталь следчай турмы ў Жодзіне. Знаходзіцца ён там будзе 2–3 тыдні мінімум.

Актывістка піша, што адміністрацыя жодзінскай турмы не пацвярджае адвакатцы, што Паліенка знаходзіцца ў іх.

Хто такі Зміцер Паліенка?

Увосень 2016 года Змітру Паліенку прысудзілі два гады з адтэрміноўкай паводле двух артыкулаў – 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў; нагодаю стаў гэты інцыдэнт) і часткі 2 артыкулу 343 (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).

Праваабарончы цэнтр «Вясна» палічыў захады пераследу хлопца непрапарцыйнымі ўчыненаму правапарушэнню.

Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.

10 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў Паліенку да сямі содняў арышту за «дробнае хуліганства» за тое, што ён у Доме правасуддзя выказаў абурэнне прысудам паводле «справы антыфашыстаў».

20 сакавіка Змітра затрымалі каля ізалятару на Акрэсціна, куды ён прынёс перадачу для арыштантаў. Суд Заводскага раёну Менску пакараў яго 15 соднямі за мірную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтру ў Курапатах. У дзень сканчэння тэрміну арышту, які Паліенка адбываў у жодзінскім ізалятары, ён на свабоду не выйшаў. Былыя сукамернікі паведамілі, што актывісту «дадалі» яшчэ 10 сутак арышту, але за што – не вядома.

Паводле беларускага заканадаўства, умоўны тэрмін можа быць заменены на рэальны пры сістэматычным парушэнні правапарадку. Трох адміністратыўных справаў цягам некалькіх месяцаў было дастаткова, каб суд палічыў Змітра сістэматычным парушальнікам.

Мужчыне засталося сядзець яшчэ паўгода.

ДД

Глядзі таксама
Каментары