Зміцер Паліенка аб’явіў галадоўку


Былы палітвязень Зміцер Паліенка, які цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага атрымання па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства паводле ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэксу «Асабліва злоснае хуліганства«, трымае галадоўку з 24 сакавіка.

Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку яго сябар актывіст Вячаслаў Касінераў.

Актывіст паведамляе, што Паліенка пры гэтым агучыў адміністрацыі ізалятара патрабаванні: рэгулярнае аказанне медычнай дапамогі, забеспячэнне свабоды перапіскі і выдача асадкі.

Вядома, што ў Змітра абвастрыўся дзерматыт. За гэты час доктар прыходзіў да вязня толькі адзін раз, каб аказаць яму медычную дапамогу. Але гэтага недастаткова.

Таксама Паліенка патрабуе, каб адміністрацыя калоніі выдала яму асадку. Бо ў яго няма магчымасці пісаць лісты да сяброў, а таксама скаргі.

Вячаслаў Касінераў паведамляе, што ў Паліенкі таксама праблемы з карэспандэнцыяй.

«З моманту арышту Змітру шмат хто пісаў, але дайшоў адзін толькі ліст. Ён патрабуе свабоду перапіскі з усімі, хто яму піша і каму збіраецца пісаць сам Паліенка», – паведамляе актывіст.

Зміцера Паліенку брутальна затрымалі ў сваёй кватэры раніцай 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйснення злачынства па ч. 3 арт. 339 КК («Асабліва злоснае хуліганства»), а менавіта ў тым, што ён распыліў пярцовы балончык у твар мужчыне. Ужо восьмыя суткі ён знаходзіцца ў ІЧУ. Вядома, што Паліенка затрыманы на 10 сутак.

Былы палітвязень Паліенка патрабуе распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў

CK belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары