Зміцер Галко: Хутчэй за ўсё я не вярнуся ў Беларусь


Беларускі журналіст, якога сёлета пакаралі 4 гадамі «хіміі», вырашыў з’ехаць з Беларусі ва Украіну, каб не адбываць пакаранне, прадугледжанае судовым выракам. Мы паразмаўлялі са Змітром у Марыупалі.

Як Вы з’ехалі з краіны? Ці правяралі спісы невыязных?

У пэўны момант, калі я атрымаў даведку, што ў мяне няма абмежаванняў на выезд за мяжу, я вырашыў, што калі мне даступная такая форма пратэсту супраць несправядлівага прысуду, я з ёй скарыстаюся. Я хачу падкрэсліць, што гэта мой пратэст супраць сфальсіфікаванага суду супраць мяне.

На мяжы вас не чапалі?

Ніякіх пытанняў на мяжы не было. Я атрымаў даведку ва Упраўленні па грамадзянству і міграцыі. У мяне няма абмежаванняў на выезд за мяжу. Я проста паехаў рэйсавым маршрутам.

Вы гэта планавалі ці раптоўна атрымалася?

Я б не сказаў, што ад самага пачатку гэта планаваў. Па-першае, я не ведаў, што ў мяне ёсць такая магчымасць. Хутчэй гэта было спантаннае рашэнне.

Ці кожны асуджаны на хімію можа так выехаць?

Я дакладна не ведаю, але магчыма, што так, бо ў мяне была падпіска пра нявыезд да ўступлення прысуду ў законную сілу. Калі адхілілі маю апеляцыйную скаргу, гэта падпіска тэхнічна была знятая, пра што мне паведаміў адвакат. Я ведаў, што яна знятая.

Гэта можа азначаць, што вы не зможаце вярнуцца ў Беларусь?

Хутчэй за ўсё так, бо цяпер стаўкі моцна падраслі. Цалкам магчыма, што цяпер мне пагражае турэмны тэрмін за ўхіленне ад пакарання.

 

Стужка навінаў