Змітру Дашкевічу не выстаўлялі новага абвінавачвання ў стварэнні ўзброенага фармавання: Наста Дашкевіч


Пра гэта паведаміла жонка актывіста Наста Дашкевіч.

«Вось толькі што размаўляла з адвакатам, але гаворкі не ішло пра новае абвінавачанне. Змітру, ва ўсякім разе, абвінавачання пра ўзброенае фармаванне не выстаўлялі. Яго па-ранейшаму абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, як і было пасля затрымання», – сказала ў каментары «Свабодзе» Наста Дашкевіч.

Праваабаронца Наста Лойка кажа, што па справе «Белага легіёну» дагэтуль вельмі мала інфармацыі і да канца невядома, каму які артыкул інкрымінуюць.

Змітра Дашкевіча затрымалі па справе «патрыётаў» 22 сакавіка. Цяпер ён, як і іншыя фігуранты, знаходзіцца ў турме КДБ на Валадарскага (аднаму фігуранту справы змянілі меру ўтрыманьня на падпіску аб нявыездзе).

Агулам пасля заявы Лукашэнкі па «справе баевікоў» затрымалі некалькі дзясяткаў асобаў. Першапачаткова іх абвінавачвалі «ў навучанні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў». 11 красавіка ў газеце «СБ» выйшаў артыкул, у якім паведамлялася, што нібыта 17-ці з 35-ці затрыманых асобаў выставілі новае абвінавачанне паводле 287 артыкула Крымінальнага кодэксу – стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання. У КДБ пацвердзілі гэтыя звесткі.

Прозвішчы тых, каму нібыта выстаўлена новае абвінавачанне, трымаюць у таямніцы.

ДР belsat.eu 

Стужка навінаў