Змітра Паліенку абвінавачваюць адразу па трох артыкулах


Дзмітрый Паліенка

Актывісту пагражае дзесяць гадоў турмы.

Апроч абвінавачвання паводле часткі 3 артыкулу 339 («Асабліва злоснае хуліганства») актывіста і былога палітвязня абавінавачваюць таксама ў апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці (артыкул 341) і распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (частка 1 арт. 130).

Справка
Санкцыя ч. 3 арт. 339 прадугледжвае абмежаванне свабоды ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў, арт. 341 – грамадскія працы, штраф або арышт, частка 1 артыкулу 130 – штраф, арышт або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Усе справы аб’яднаныя ў адну, іх вядзе Заводскі раённы аддзел Следчага камітэту, падае праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле прадстаўнічкі Следчага камітэту Юліі Ганчаровай, захад стрымання Паліенку не змянялі: ён працягвае заставацца пад вартай.

«У дачыненні да абвінавачанага прызначаная стацыянарная судова-псіхолага-псіхіятрычная экспертыза», – паведаміла прадстаўнікам СМІ Ганчарова.

Вядома толькі, што актывіста перавялі са следчага ізалятару ў Жлобіне ў СІЗА №1 у Менску.

Змітра Паліенку затрымалі раніцай 20 сакавіка па падазрэнні ў «асабліва злосным хуліганстве». Міліцыянты заявілі, што затрыманне звязанае з сітуацыяй, якая мела месца ў сярэдзіне сакавіка.

«Зміцер чакаў свайго сябра на лесвічнай пляцоўцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Змітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зміцер распыліў пярцовы балончык», – распавядала пра здарэнне сяброўка Паліенкі Настасся Гусева.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў