«Змагаемся за нашу і вашу свабоду». Польскія пісьменнікі пішуць беларускім


Польскія пісьменнікі выказаліся супраць гвалту ў Беларусі, падтрымаўшы беларускіх калег адкрытым лістом.

«У няпросты і для Польшчы час мы са сціснутым сэрцам чытаем ваш адкрыты ліст і навіны з Беларусі пра распаўсюд беззаконня ды гвалту. Самаабвешчаная ўлада, топчучы Канстытуцыю ды асноўныя правы чалавека і грамадзяніна, хоча грубаю сілаю здушыць пратэсты грамадзянскае супольнасці, сведчанне жыцця народу свабоднага, годнага і разумнага. Гнеў грамадзянаў сваёй краіны, чые законы гвалтуе, яна спрабуе скіраваць супраць уяўных ворагаў. Змагаючыся са свабодаю, шукае саюзнікаў сярод тых, хто ў свеце імкнецца яе зрынуць.

Згадваюцца ранейшыя словы Цыпрыяна Каміля Норвіда: «Вялікія войскі, бравыя генералы, службы – таемныя, бачныя і двухполыя, – супраць каго так аб’ядналіся? – Супраць некалькіх думак… Што бывала!»

У час выпрабавання будзьце ўпэўненыя ў нашай салідарнасці. Правы чалавека аднолькавыя для ўсіх – дзеля іх абароны мы заўсёды змагаемся за нашу і вашу свабоду».

Ліст падпісалі 54 пісьменнікі, у тым ліку лаўрэатка Букераўскай прэміі Вольга Такарчук.

На мінулым тыдні беларускія пісьменнікі, у тым ліку нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, заклікалі Аляксандра Лукашэнку спыніць рэпрэсіі супраць суайчыннікаў.

«Мы схіляем галаву перад мужнасцю і настойлівасцю беларускага народу, выказваем спачуванне ўсім, хто пацярпеў і страціў родных, і звяртаемся да ўладаў, кіраўнікоў дзяржаўных структураў, чыноўнікаў, якія захавалі цвярозы розум, з патрабаваннем: пакуль вы не абрынулі краіну ў бездань гвалту і ўсеагульнага крызісу, неадкладна спыніце масавыя рэпрэсіі, здзекі з людзей, якія хочуць пераменаў, прызнайце сваю паразу і прыміце волю народу!»

За больш як ста днямі пратэстаў стаяць гісторыі катаванняў, здзекаў і смерці. 26 лістапада міністры замежных справаў ЕЗ абмеркавалі чарговы пакет санкцыяў супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Стужка навінаў