Злотнікаў: Калі будзе расейскі крэдыт, то яго будзе дастаткова толькі на квартал


Чым можа скончыцца для «беларускага эканамічнага цуду» геапалітычная гульня афіцыйнага Менску? Пра гэта журналіст «Белсату» Дзмітрый Гурневіч гутарыць з эканамістам Леанідам Злотнікавым.

«Белсат»: Наколькі цяжка будзе Беларусі даць рады без грошай, якія раней абяцала Масква?

Леанід Злотнікаў: Ведаеце, паводле маіх разлікаў, цяпер мы спажываем на $ 600-800 млн (у месяц) больш, чым дазваляе эканоміка.

Калі мы і атрымаем гэты расейскі крэдыт – а цяпер гэта не $ 3 млрд, а $ 2 млрд – гэта не так ужо шмат. Хопіць толькі на квартал, а далей зноў праблемы.

«Белсат»: А далей – магчыма, крэдыт ад МВФ?

Леанід Злотнікаў: Можа быць, але гэта малаверагодна. Бо мне падабаецца версія Аляксандра Фядуты, згодна з якой, Беларусь спрабуе, не парваўшы адносіны з Масквой, атрымаць хаця б першы транш крэдыту – $ 500-600 млн. А паколькі прыйдзецца саступіць Расеі, то тады МВФ не дасць крэдыту.

«Белсат»: Вы акурат прэзентавалі свой даклад, у якім аналізуецца, што абіраюць беларусы: усход ці захад. Зараз акурат кіраўнік МЗС Уладзімір Макей быў у Бруселі, размаўляў там з прадстаўнікамі ЕЗ, у той час як Лукашэнка ездзіў у Маскву. А што выбіраюць беларусы?

Леанід Злотнікаў: Ёсць сацыялагічныя апытанні, якія праводзяцца ўжо тры гады запар часопісам «Еўразійскім манітор».

І вынікі даследавання наступныя: што тычацца культурных і эканамічных сувязяў, расейцы хочуць менш за ўсё ўступаць у інтэграцыю з краінамі Еўразійскага саюзу. Яны адпіхваюцца яшчэ больш, чым беларусы.

Яны хочуць дзяцей сваіх вучыць за мяжой, самі хочуць туды ездзіць адпачываць. І расейцы, і беларусы, і ўкраінцы арыентуюцца на развітыя капіталістычныя краіны. Больш за ўсіх – расейцы.

«Белсат»: Наколькі далёка мы сёння ад узроўню жыцця ў краінах Балтыі і Польшчы, на адным узроўні з якімі мы калісьці жылі? І ці не вынік такога разрыву нашыя стасункі з Расеяй?

Леанід Злотнікаў: Расея ўвесь час нам дапамагала. І субсідыі Расеі па энерганосьбітах з 1996-га па 2013-ы, паводле маіх разлікаў, склалі каля $ 100 млрд. Такі адзіны інтэгральны паказчык, па якім можна ацэньваць, гэта не ВУП на душу насельніцтва, які ў Беларусі завышаны, на маю думку, у 1,8 разы. Галоўны паказчык – які адсотак сваіх прыбыткаў насельніцтва выдае на харчаванне.

Беларусы зараз выдаткоўваюць вельмі шмат, прыклада 50 % сваіх прыбыткаў, прыкладна, як і ва Украіне. У Польшчы прыкладна 27 %, у Нямеччыне – 14 %. Гэта самыя бедны краіны ў Еўропе – Украіна ды Беларусь.

Размова цалкам – у відэа вышэй. Яна адбылася ў эфіры праграмы «Прасвет», апошняе выданне якой прапануем вашай увазе:

Стужка навінаў