Зламаў хрыбетнік, прыкаваны да ложка, але не скарыўся лёсу: мастак, які малюе зубамі


Мастак, які малюе зубамі

Інваліднасць – гэта прысуд? Не! Анатоль выжыў насуперак законам медыцыны, і цяпер вядомы ў ЗША, Нямеччыне, Францыі ды Расеі. Ён амаль 40 гадоў прыкаваны да ложка, але гэта не перашкаджае яму маляваць. Паглядзіце, як прыгожа! ?

Opublikowany przez Белсат TV Piątek, 18 października 2019

Амаль 40 гадоў прыкаваны да ложка 56-гадовы Анатоль Галушка, жыхар вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёну, што на Берасцейшчыне. У 17 гадоў, пасля заканчэння школы, хлопец атрымаў жахлівую траўму – зламаў хрыбетнік. Але нягледзячы на такія фізічныя абмежаванні Анатоль не скарыўся і цяпер стаў вядомым мастаком і паэтам, творы якога запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжою.

Анатоль Галушка, мастак, які малюе зубамі.
Фота: Белсат

Пасля заканчэння школы Анатоль Галушка паступіў у мараходную вучэльню. Летам, пасля ўступных экзаменаў, хлопец разам з сябрамі пайшоў на раку купацца. Але пасля няўдалага скачка ў ваду жыццё Анатоля кардынальна змянілася.

«Я нырнуў у раку і пашкодзіў хрыбетнік. Атрымаўся кампрэсійны пералом двух пазванкоў. Яны сплюшчыліся з пашкоджаннем спіннога мозгу».

«Лекары сказалі, што выжыў насуперак законам медыцыны»

Анатоль атрымаў вельмі страшную траўму. Лекары толькі разводзілі рукамі і казалі бацькам, што нічым не могуць дапамагчы.

«У шпіталі казалі, што мне засталося жыць усяго сем дзён. Бацькі нават рыхтаваліся да гэтага. Але страшны прагноз лекараў не спраўдзіўся. Потым лекар мне сказаў, што я выжыў насуперак законам медыцыны. Па-рознаму бывае – нехта праз год, тры гады ўстае. Але я так і ляжу…» – распавёў Анатоль Галушка.

Анатоль Галушка не пажадаў проста ляжаць.
Фота: Белсат

Анатоль кажа, што цягам гэтых сямі дзён, якія яму адводзілі дактары, практычна не рабілі ніякіх працэдураў. А пасля гэтага тэрміну заварушыліся, забегалі, але час быў ужо страчаны.

«Спачатку я проста не мог паверыць у тое, што болей не змагу падняцца і хадзіць. Увесь час была надзея, што я спраўлюся, што арганізм паправіцца, што праблема сыдзе. Не верыў лекарам, якія не давалі ніякай надзеі», – узгадвае Анатоль.

Прыкаваны да ложка, але не скарыўся лёсу

Даглядалі Анатоля бацькі. Сябры і родныя часта адведвалі яго. Анатоль кажа, што практычна ніводнае вяселле аднакласнікаў у вёсцы не праходзіла так, каб госці не заходзілі да яго. Сябры не давалі сумаваць і гараваць, наадварот, імкнуліся яго развесяліць.

«Я праляжаў гадоў, мабыць, 15, усё нешта чытаў-чытаў. А потым захацеў паспрабаваць нешта зрабіць сам. Першы малюнак – быў нейкі сабачка, намаляваў яго асадкай. І мне спадабалася гэта, бо рукамі я не магу працаваць, нават звычайнага подпісу я паставіць не магу, няма сілаў і ўпэўненасці ў руках, бо не магу правесці рукой нават звычайную гарызантальную лінію», – кажа Анатоль Галушка.

Анатоль Галушка падчас працы.
Фота: Белсат

Асадку Анатоль трымаў у зубах і такім чынам выводзіў малюнак. Такая праца спадабалася яму, і пры гэтым ён пераканаўся, што можа самастойна, без усялякай дапамогі нешта рабіць. У выніку Анатоль папрасіў родных набыць яму фарбы і пачаў маляваць. Звычайна матывамі твораў мастака выступаюць родная прырода, краявіды, якія Анатоль узнаўляе па памяці.

Творы мастака раз’ехаліся па ўсім свеце

Творы Анатоля Галушкі хутка заўважылі. У 2008 годзе яго прынялі ў Сусветную арганізацыю мастакоў, якія малююць зубамі і нагамі. Арганізацыя ладзіць выставы, друкуе карціны сваіх мастакоў на паштоўках, календарах.

Карціны Анатоля Галушкі.
Фота: Белсат

«Просяць часта, каб маляваў паболей. Звычайна замаўляюць і набываюць творы, якія адлюстроўваюць вясну, кветкі. Запатрабаваныя святочныя матывы: навагоднія, калядныя. Дый мне цікава таксама такія тэмы. Таму літаральна штодня працую з 10-й да 16-й гадзіны. Пакуль хапае сілаў, хочацца нешта зрабіць. Але таксама адзначу, што як папрацуеш чатыры дні, дык потым зусім ніякі, змучаны, трэба адпачыць некалькі дзён, бо сілаў не хапае на ўсё», – кажа мастак.

Прырода ў творчасці Анатоля Галушкі.
Фота: Белсат

Творы Анатоля Галушкі вядомыя і ў ЗША, Нямеччыне, Францыі ды Расеі.

«За год я прыкладна малюю ў сярэднім 30–40 карцінаў. Нешта захоўваю дома, нешта ў музеях, дзе ладзяцца выставы. Шмат куды запрашаюць, вось цяпер рыхтуецца выстава ў Пінску», – дзеліцца Анатоль.

«Родная зямля, свая прырода вылечваюць»

Анатоль цяпер жыве ў звычайнай вясковай хаце. Даглядае яго 80-гадовая матуля, Лідзія Іванаўна. З родных толькі адзін брат жыве непадалёк, а іншы брат і сястра жывуць у Менску. Але яны імкнуцца прыязджаць часцей. Разам ходзяць на шпацыр, у лес, на возера, на раку, якія моцна любіць Анатоль.

«Неяк з братам выбраліся сваім ходам, без машыны, на шпацыр. Праз раку перабраліся і па тых сцежках, па якіх некалі хадзіў, пайшлі з ім у лес. Столькі эмоцыяў было. Я ж 35 гадоў не хадзіў па гэтым лесе. А потым згадаў тыя сцежкі, той лес. І быў канец лета, калі паветра неверагодна чыстае, проста насычанае пахамі. Шчыра скажу, столькі эмоцыяў было. Знайшлі карʼер, падышлі да абрыву з яго. Там расклалі вогнішча, на якім зрабілі гарбату. А навокал проста шыкоўны кругагляд. Крыкнеш нешта, а рэха ў адказ з табою размаўляе. Гэта неацэнна. Вось што значыць свая зямля, свая прырода», – дзеліцца эмоцыямі Анатоль Галушка.

Анатоль Галушка, мастак, які малюе зубамі.
Фота: Белсат

Акрамя малявання Анатоль піша вершы, невялікія эсэ. Творца асвоіў кампʼютар і самастойна карыстаецца ім. У вольны ад малявання час займаецца літаратурай і адзначае, што ў любой сітуацыі нельга здавацца, а неабходна імкнуцца наперад і карыстацца тым, што ёсць.

СК belsat.eu

Стужка навінаў