Злачынца ў Керчы знаходзіць зброю. А чым абароніцца законапаслухмяны беларус?

Чалавек дастаў зброю і забіў 10, 30, 60 чалавек. Такое адбывалася ў амерыканскіх Колумбайне і Лас-Вэгасе, а на гэтым тыдні – у акупаваным Расеяй горадзе Керч.

Фота КерчьИНФО, kerchinfo.com

Адразу ўзнікаюць пытанні: чаму, дзеля чаго? А можа, проста дадаткова абмежаваць ці забараніць цывільным валоданне агнявою зброяй? Нагадаем, што мяжы паміж Беларуссю і Расеяй фактычна няма.

Страляніна па безабаронных людзях

Керч – горад у Крыме, які быў захоплены Расеяй у 2014 годзе. Беларусь дасюль не прызнае прыналежнасці Крыму да Расеі. Забойца забраў жыцці двух дзясяткаў асобаў, у шпіталях застаюцца 43 параненых. Падазраваны – студэнт 4-га курсу.

Трагедыя ў Керчы ды ладная частка аналагічных інцыдэнтаў з вялікаю верагоднасцю ёсць малпаваннем масавага забойства ў школе «Колумбайн». Там 20 красавіка 1999 года два вучні старэйшых класаў узброіліся карабінам, пісталетам і драбавікамі, вырабілі выбуховыя прылады. Пасля чаго забілі 13 вучняў сваёй школы і яшчэ 24 асобаў паранілі. Пасля чаго забілі самыя сябе.

Кадр з відэазапісу ў школе «Колумбайн». Крыніца – wikipedia.org

Матывы? Пра гэта было шмат размоў: быццам да забойцаў дрэнна ставіліся аднакласнікі, што яны належалі да гатычнай субкультуры, што яны бавіліся ў відэагульні-стралялкі, а таксама слухалі «мэталічную» ці «цяжкую», ці «цёмную» музыку – напрыклад, «Rammstein».

Дзіўна, я таксама слухаў «Rammstein», але дасюль нікога не забіў. Думаю, галоўная прычына такіх забойстваў у Керчы, Колумбайне ды іншых месцах – тое, што забойцы выраслі ў атмасферы, дзе не звыклі несці адказнасці за свае ўчынкі, не маглі аналізаваць сваіх дзеянняў, не былі здольныя да самастойнасці, былі прывучаныя бачыць крыніцу сваіх асабістых праблемаў у кім заўгодна, толькі не ў сабе.

Як ахарактарызаваць такіх людзей? Думаю, чытач здолее зрабіць гэта сам.

РТР, РПЦ і ОРТ не дастаткова

Керчанскі забойца хадзіў з класу ў клас: спачатку закідваў туды самаробную гранату, а потым расстрэльваў людзей з гладкарульнай стрэльбы «Бекас». Пры гэтым забойца меў дазвол на зброю: як толькі ў жніўні яму споўнілася 18 гадоў, ён адразу пачаў афармленне дакументаў на ліцэнзію на паляўнічую зброю. У верасні ён ліцэнзію атрымаў і набыў стрэльбу. Такім чынам, агнявая зброя была набытая законна.

Стрэльба 12-га калібру «Бекас», менавіта такую меў забойца з Керчы. Фота wikipedia.org

Спачатку забойства кваліфікавалі як тэрарыстычны акт, некаторыя каментатары казалі нават, што гэта, напэўна, праца ўкраінскіх дыверсантаў. Аднак высветлілася, што чалавек спачуваў Пуціну, Расеі ды «героям Наваросіі». Але ён страціў сэнс жыцця, за выключэннем аднаго – забіць выпадковых людзей і, як злачынцы ў Колумбайне, здабыць трохі славы.

Аднак маштабнай расейскай прапаганды – ці не самай магутнай, што ведала гэтая частка свету з часу Сталіна, – не дастаткова, каб навучыць маладзёнаў бачыць мэту ў жыцці. Ён памёр не за вялікую расейскамоўную Імперыю сталінскіх ГУЛагаў, вялікую ліберальную Імперыю ЛГБТК-панавання ці вялікі будучы Халіфат, дзе жанчыны ходзяць з закрытымі тварамі. Ён памёр і забіў без ніякага сэнсу.

А што ў нас?

Калі верыць беларускім дзяржаўным СМІ, забойца ў Керчы памёр і забіў прыкладна з тых жа прычынаў, з якіх забівалі арганізатары тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2011 года: без асаблівых прычынаў, акрамя сацыяпатыі ды крыўды на ўвесь свет. «Каб вам было горш».

ВІДЭА
Страляніна ў Керчы. Падлеткі ўцякаюць ад хлопца са стрэльбаю. Страшнае відэа
2018.10.17 22:31

Людзі губляюць сэнс жыцця, бо не бачаць пазітыўных прыкладаў. Каго ў Керчы забойца бачыў праз тэлевізар? Прапагандыстаў, хлусаў і халуёў Салаўёва ды Кісялёва? За імі ён мусіў цягнуцца? Імі ён мусіў хацець стаць? А Кавалёў з Канавалавым што бачылі ў ОНТ і БТ? Кагосьці лепшага? Малаверагодна.

У наш час радыкальнага індывідуалізму такія нематываваныя забойствы – сведчанне таго, што забіваюць сябе і нявінных людзей праз няздольнасць паглядзець па-над сваймі асабістымі праблемамі. Іх не навучылі бачыць мэты большыя, чымся іхнае ўласнае эга – бачыць ідэалы нацыянальныя ці рэлігійныя.

Так, гэтыя ідэалы таксама часам могуць прыводзіць да жахлівых злачынстваў, але гэта хоць нейкая ўцямная матывацыя, з якою можна спрачацца.

Права на зброю

Здавалася б, гэта лагічна: давайце забаронім людзям набываць пісталеты і вінтоўкі – і забойстваў будзе менш. Аднак статыстыка неаднаразова зняпраўджвала гэтае меркаванне. Ёсць вельмі спакойныя мясціны, дзе амаль кожны мае легальную стрэльбу, а ёсць літаральна расстрэльныя тэрыторыі, дзе легальная зброя практычна забароненая.

Цяжкавік і целы забітых тэрарыстам у Ніцы. Калаж www.telegraph.co.uk.

Зрэшты, забойцы ў Керчы ды Колумбайне самыя выраблялі выбуховыя прылады, а гэта ўжо незаконная зброя. А ў Францыі ў 2016 годзе мусульманскі тэрарыст выкарыстаў цяжкавік як зброю для тэракту і забіў амаль 90 чалавек у Ніцы. Але ніхто ў здаровым розуме не заклікае забараніць аўтамабілі.

Аднак амаль немагчыма ўявіць, што гэтыя забойцы спакойна працягвалі б сваю справу, калі б хоць адна магчымая ахвяра мела пісталет ці стрэльбу для самаабароны. Яны або спужаліся б, або сканцэнтраваліся на тым, хто супраціўляецца, а гэта дало б магчымасць бальшыні ахвяраў уцячы ці схавацца.

Амерыканская студэнтка вучыцца валодаць зброяй у ціры. Фота http://www.uatrav.com

Даўней ніхто не абмяжоўваў права нашых продкаў на валоданне зброяй. І яны не перабілі адно аднаго. Ніхто не чуў і пра масавыя нематываваныя забойствы. Мы хочам, каб беларус быў самастойным грамадзянінам, які ўсведамляе свае правы ды гатовы абараніць сябе і сваю сямʼю, сваіх суседзяў? Мы хочам, каб беларуска мела магчымасць даць рашучы адпор фізічна больш моцнаму рабаўніку ці гвалтаўніку? Тады варта падумаць пра вольны продаж агнявой зброі ды пра тое, каб даць беларускай моладзі магчымасць успрыняць здаровыя нацыянальныя і рэлігійныя ідэалы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў