Злачынства навыварат. Як праваахоўныя органы інсцэнізуюць замоўныя забойствы


29 траўня пра гвалтоўную смерць расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі паведаміла ўкраінская паліцыя. Аднак ужо на другі дзень радыкальны крытык крамлёўскай палітыкі даў прэс-канферэнцыю разам з прадстаўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў. Нічога звышарыгінальнага ў такой аперацыі няма – гэта даволі стандартны спосаб выкрыцця замоўцаў забойстваў.

Канцы – у ваду

Гэтак званае замоўнае забойства, ці забойства паводле кантракту, – злачынства, калі адзін бок прызначае, каго трэба забіць, і выдае грошы (наўпрост ці праз пасярэднікаў) іншаму боку, які і выконвае замову.

Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак і журналіст Аркадзь Бабчанка 30 траўня 2018 года ў Кіеве. Фота: REUTERS/Valentyn Ogirenko

Такім чынам замоўца ніяк наўпрост не звязаны са злачынствам, і доказы супраць яго знайсці даволі цяжка, што робіць гэты від злачынстваў цяжкім для раскрыцця.

З гэтае прычыны праваахоўным органам часам даводзіцца ладзіць сапраўдныя спектаклі, каб замоўца выявіў сябе. Адзін з варыянтаў – інсцэнізаваць забойства.

Гэтым спосабам паліцэйскія ўлады шырока карыстаюцца па ўсёй постсавецкай прасторы.

У Беларусі

Гэтак, у 2010 годзе адзін з жыхароў Менску два гады браў грошы ў суседа на будаўніцтва кватэры, у выніку чаго быў вінен $36 тысяч, але жытла гэтак і не набыў. У выніку вырашыў «расплаціцца» з крэдыторам праз ягоную фізічную ліквідацыю, пра што стала вядома аператыўным супрацоўнікам МУС.

Праваахоўнікі інсцэнізавалі забойства ахвяры, а потым падчас перадачы грошаў ($5 тысяч) псеўдакілеру затрымалі замоўцу.

Супрацоўнікі Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь падчас аперацыі. Фота sk.gov.by

У 2017 годзе ў Гомлі атрымала 11 год калоніі жанчына, якая «замовіла» былую жонку свайго мужа і іхную дачку. Прычым на ролю кілера жанчына выбрала свайго былога мужа, які быў вінен ёй вялікую суму аліментаў. Мужчына зрабіў выгляд, што пагадзіўся, аднак адразу перадаў інфармацыю міліцыі.

Пасля таго, як забойства інсцэнізавалі, замоўца, як і было ўзгоднена, адклікала выканаўчы ліст па аліментах.

Ва Украіне

У пачатку 2018 года Служба бяспекі Украіны і пракуратура імітавалі паспяховае забойства дырэктара харкаўскага камунальнага прадпрыемства – яго «замовіла» ўласная цешча за $10 тысяч. Прычым быў зняты нават адмысловы відэаролік, які потым быў зліты ў сеціва.

Фэйкавы відэазапіс, які быў зняты харкаўскімі аператыўнікамі.

Замоўцу злачынства зноў жа арыштавалі падчас перадачы грошаў «выканаўцу». Прычым падобным да выпадку з Аркадзем Бабчанкам была нават рэакцыя знаёмых і калегаў «забітага»:

«Нам нічога не было вядома. Мы рыхтаваліся да пахавання. У нас цэлы дзень прастаяў ягоны фотаздымак з жалобнай стужкай у холе гарадской рады».

Іншых аналагічных выпадкаў у Украіне можна знайсці яшчэ не адзін дзясятак.

У Расеі

Як і ва Украіне, замоўныя забойствы і іхнае раскрыццё праз інсцэніроўку забойства – нярэдкая справа ў нашых усходніх суседзяў.

Гэтак, на пачатку 2018 года ў Іркуцку міліцыянер згуляў у ролі кілера – прычым за забойства яму абяцалі зямельны ўчастак з домам у Калінінградскай вобласці.

Аператыўнікі інсцэнізавалі месца забойства – паклалі «труп» у аўтамабіль з быццам бы агняпальнымі раненнямі. Вакол «працавала» следчая група, збірала рэчавыя доказы.

Інсцэніроўка забойства Аркадзя Бабчанкі. Фота: twitter.com/ray_net_ua

Замоўца вырашыў, што праца выкананая і разам з «выканаўцам» пайшоў да натарыуса, каб перапісаць сваю калінінградскую маёмасць. Пасля падпісання дакументаў замоўцу арыштавалі.

У 2016 годзе ў Туле медыі таксама паведамілі пра знікненне мясцовага бізнесоўца – ягоны аўтамабіль быццам бы са шматлікімі кулявымі адтулінамі знайшлі па-за горадам. Абласны Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

Аднак ужо праз некалькі дзён паліцыя затрымала людзей, якія замовілі забойства, якое на самой справе не адбылося.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары