Злачынства без пакарання. Як Лукашэнка і ягоныя спецслужбы дазволілі баевікам «ЛДНР» вяртацца ў Беларусь


На словах улады Беларусі негатыўна паставіліся да ўдзелу сваіх грамадзянаў у вайне на Данбасе па абодва бакі канфлікту. Крымінальны кодэкс дазваляе асудзіць іх адразу паводле некалькіх артыкулаў на немалыя тэрміны, тым больш, што некаторыя адкрыта прызнаваліся ў забойствах. Аднак на практыцы за кратамі аказаліся толькі пяцёра і ў зручны для афіцыйнага Менску момант.

Суаўтарка кнігі «Беларускі Данбас» Кацярына Андрэева ​​тлумачыць, чаму беларусы-баевікі «ЛДНР» застаюцца на волі і нават не мусяць хавацца.

Упершыню тэму ўдзелу беларускіх грамадзянаў у вайне на ўсходзе Украіны Аляксандр Лукашэнка закрануў у красавіку 2015 года.

«Вайна калісьці скончыцца, а гэтыя баевікі, панюхаўшы і паспрабаваўшы крыві, вернуцца дадому. Кім яны будуць? Мяне гэта вельмі хвалюе», – сказаў кіраўнік дзяржавы ў пасланні Нацыянальнаму сходу.

У верасні таго ж года хваляванне змяняецца абяцаннем «разабрацца» з байцамі, калі тыя вернуцца ў краіну. У лістападзе на менскім чыгуначным вакзале затрымліваюць Тараса Аватарава з «Правага сектару» – пры вобшуку ў яго нібыта выяўляюць пісталет і гранату. Праз шэсць месяцаў суд дае Аватараву пяць гадоў турмы, але зусім не за ўдзел у добраахвотніцкім падраздзяленні, а за «незаконны абарот і кантрабанду выбухоўкі».

У студзені 2016-га Лукашэнка заяўляе, што «некаторыя так званыя смелыя людзі, якія ваявалі на Данбасе, пазіруюць ужо ў Менску са зброяй». Ён даручае міліцыі і КДБ «неадкладна разабрацца» з падобнымі грамадзянамі: «Ніякіх пазёраў, ніякіх баевікоў у краіне быць не павінна». Такая адназначная ўстаноўка Лукашэнкі гучала як прамы загад да затрымання ўсіх беларусаў, якія прымалі ўдзел у канфлікце.

На працягу 2016 года сілавікі спраўна рапартуюць аб колькасці вядомых ім байцоў, не ўдакладняючы, на якім баку тыя ваююць. У красавіку тагачасны кіраўнік МУС Ігар Шуневіч робіць важную заяву: на аднаго беларуса, які ваюе на баку Украіны, прыпадаюць тры беларусы ў шэрагах «ЛДНР». У тым жа месяцы ў Віцебску затрымліваюць добраахвотніка з «Азова» Станіслава Ганчарова. Прысуд яму вынесуць амаль праз год – 7 гадоў за «распальванне расавай і нацыянальнай варожасці», «распаўсюд парнаграфіі» і «асабліва злоснае хуліганства», здзейсненае ажно ў 2013 годзе.

Нам невядомыя выпадкі, калі па вяртанні на радзіму праўкраінскі добраахвотнік не патрапіў бы пад пераслед. Але што ж у гэты час адбывалася з беларусамі-баевікамі «ЛДНР», колькасць якіх, паводле міністра, значна перавышала колькасць праўкраінскіх байцоў?

«Мяне не пасадзяць, баяцца няма чаго»

… «Я пытаўся ў гэбэшнікаў: як жа так, Аляксандр Рыгоравіч жа таксама супраць фашызму. А яны: ну дык мы ж цябе не саджаем. Мы цябе дапыталі – і едзь куды хочаш. Самі гэбэшнікі хутчэй з сімпатыяй ставяцца да нас. Мне казалі: ну ты ж усё роўна туды паедзеш. Ну так, кажу, паеду», – апавядаў у інтэрв’ю Радыё Свабода Сяргей Бондар з Бабруйску, былы камандзір узводу выведкі.

На пытанне журналіста, колькіх украінцаў ён забіў, адказваў, што «не лічыў». Бондар ваяваў на Данбасе з чэрвеня 2014-га і за два з лішкам наступных года паспеў тройчы пабываць на радзіме. Паводле баевіка, яго дапытвалі і ў КДБ, і ў МУС, а пасля адпускалі. У пашпартным стале Бабруйску яму дапамаглі аднавіць страчаны беларускі пашпарт.

…. «Мяне не пасадзяць, баяцца няма чаго», – казаў аўтару Аляксандр Рукавішнікаў, які пасля кантузіі вярнуўся ў Беларусь. Узімку 2017 года ён прызначыў мне сустрэчу ў Мсціславе і прызнаўся, што ўдзельнічаў у баях пад Дэбальцава і атрымліваў стандартныя для радавога грошы – 15 тысяч расейскіх рублёў. Правёўшы амаль год на фронце, ён без праблем пасяліўся на радзіме і атрымаў новы пашпарт. «Супрацоўнікі абласнога КДБ так і сказалі: нам АТОшнікі цікавейшыя за цябе», – прыгадваў баявік.

… «Паранены быў… хрыпеў да**я – вось мы яму кулю прама ў лоб ды ўсадзілі. Заткнуўся адразу», – казаў маёр ОРБ «Спарта» Мікалай Шэлехаў, гартаючы фота на тэлефоне. Гутарка з журналістам адбывалася ў самым цэнтры Менску, у дворыку ля плошчы Перамогі.

Мікалай Шэлехаў. Фота са старонкі ў Facebook

Распавядаючы пра сваю першую паездку на фронт у пачатку 2015 года, ён сцвярджаў, што «паехаў сам і падабраў хлопцаў, якія не ведалі, куды і што», і прагаварыўся аб кантактах з афіцэрамі 5-й брыгады спецназу ў Марʼінай Горцы. Дарэчы, як мінімум двое баевікоў «Спарты» раней служылі ў «пяцёрцы».

…«Зайшлі мы на зачыстку ў школу. Я за паварот заварочваю – і мой калашнікаў літаральна ўпіраецца ў галаву «укропу». Гэта значыць, у мяне не было варыянтаў. Я націснуў на курок. Так мне прыйшлося пазбавіцца ад маёй сіняй формы, моцна выпацкалася. Потым да гэтага стаў ставіцца прасцей. Нешта звычайнае… Ну, як кавы выпіць», – распавядаў у студзені 2017-га Радыё Свабода віцяблянін Сяргей Трафімаў.

Ён прызнаваўся, што кошт забітых ім «ідзе на дзясяткі». Як і іншыя, за гады вайны ён паспеў некалькі разоў зʼездзіць на Данбас і вярнуцца назад. Але замест суда яго чакала прапанова супрацы ад КДБ.

Сергей Трафімаў на Данбасе. Фота з сацыяльных сетак

Беларусаў-баевікоў, якія без праблем вярталіся на радзіму, – як мінімум некалькі дзясяткаў. Ніхто з працытаваных вышэй не быў арыштаваны, нягледзячы на ​​шчырыя прызнанні ў СМІ і фоты са зброяй у сацсетках. Такі стан рэчаў рэзка кантраставаў з устаноўкай Лукашэнкі зачысціць краіну ад баевікоў.

Словы і дзеянні

У лютым 2016 года газета адміністрацыі прэзідэнта «СБ – Беларусь сегодня» у праграмным артыкуле «Гастарбайтэры вайны» выразна акрэсліла пазіцыю дзяржавы:

«Асаблівую пагрозу нацыянальнай бяспецы прадстаўляюць беларускія грамадзяне, якія ваююць у складзе падраздзяленняў АТО. […] Яны вызнаюць ідэалогію агрэсіўных каляфутбольных рухаў і гвалтоўную форму звяржэння дзяржаўнай улады, адкрыта супрацьпастаўляюць сябе праваахоўнай сістэме».

Што да баевікоў – яны, маўляў, небяспечныя толькі тым, што праз траўмаваную вайной псіхіку могуць каго-небудзь забіць ці абрабаваць, пісала «СБ».

У Беларусі баевікамі паралельна займаюцца КДБ і ГУБАЗіК: ад самага пачатку канфлікту яны старанна збіралі звесткі аб байцах, праводзілі ператрусы і прафілактычныя гутаркі. Але, калі добраахвотнікаў па прыездзе ў краіну амаль імгненна арыштоўвалі, то баевікі «ЛДНР» такой пагрозы не адчувалі. Максімум, што іх чакала на радзіме – вобшук і распіска, што папярэджаныя аб крымінальнай адказнасці і на вайну больш не паедуць. Неўзабаве многія вярталіся на фронт.

«Многія нашыя паехалі дадому, начхаўшы на выказванні Лукашэнкі. Я ведаю шмат людзей, якія вярнуліся ў Беларусь – усе яны цалкам нармальна сябе адчуваюць. Так, выклікалі КДБшнікі разы два, праверылі. Пераканаліся, што ваявалі на баку «ДНР» – і прэтэнзіяў больш няма», – кажа снайпер Андрэй Дзюбанаў з Заслаўя.

Амаль усе баевікі распавядалі аб «чалавечым» стаўленні да сябе праваахоўнікаў. «Я сядзеў у кабінеце следчага і гуляў у кампʼютарныя гульні. І ён жа мне з дому прыносіў паесці, цыгарэты даваў », – казаў Іван Яравы з Магілёўскай вобласці.

Іван Яравы.
Фота: УКантакце

Вельмі паказальныя ў гэтым сэнсе словы высокапастаўленага супрацоўніка ГУБАЗіК, пераказаныя мне калегай-журналістам.

«Я спытаў не пад запіс, як ён ставіцца да беларусаў, якія ваююць за «ЛДНР». Ён адказаў: «Так, мы супраць іх», і задумаўся. А праз пару секунд дадаў: «Але наагул, па-добраму, можна было б паехаць і дапамагчы».

І гэта нядзіўна. Большасць афіцэрскага складу беларускіх спецслужбаў родам з савецкай сістэмы, а Лукашэнка дзесяцігоддзямі карміў іх звыклай рыторыкаю пра пагрозу з Захаду. Ментальна ім значна бліжэйшая пуцінская Расея, чым Украіна з курсам на еўраінтэграцыю. У сваю чаргу, баевікі «ЛДНР», якія паўтаралі як мантру тэзы расейскай прапаганды, аказаліся для спецслужбаў сацыяльна блізкімі элементамі, нармальнымі хлопцамі.

Сілавікі ніколі не займаліся б падобным патураннем, калі б на тое не было волі Лукашэнкі. Відавочна, што ў непублічнай прасторы тыя атрымалі абсалютныя іншыя рэкамендацыі: прыглядаць, але не чапаць.

Першая прычына, якая прыходзіць на розум – нежаданне зачапіць Маскву. Восенню 2018 года намеснік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар сказаў мне: «Па лініі МЗС Беларусі заўсёды кажуць, што гэта ў кампетэнцыі іншых органаў. У фармальнай абстаноўцы пасыл ідзе такі, што, маўляў, разгледзім пытанне, а ў нефармальнай – ківаюць на той бок, на Расею». Нягледзячы на ​​перыяды канфрантацыі ў пэўных галінах, Лукашэнка прызнае, што Расея была і застаецца геапалітычным хаўруснікам нумар адзін.

Кацярына Андрэева і намеснік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар.
Фота: Belsat.eu

Аднак у выпадку з баевікамі справа была не столькі ў страху перад рэакцыяй Масквы. Па-першае, для самой Расеі яе баевікі – не больш, чым гарматнае мяса і наўрад ці б іхныя арышты рыкашэтам ударылі па Лукашэнку. Па-другое, за апошняе дзесяцігоддзе той дэманстраваў здольнасць ісці на рэзкія крокі ў двухбаковых адносінах, калі лічыў гэта патрэбным (напрыклад, арышт Баўмгертнера ці нядаўні захоп «Белгазпрамбанку»).

Сапраўдная ж прычына вольніцы для баевікоў у тым, што рэжым проста не ўбачыў у іх ніякай пагрозы свайму існаванню. Часцяком баевікі заяўлялі пра гатоўнасць змагацца на баку ўладаў у выпадку ўмоўнай рэвалюцыі. «Калі будзе Майдан, я залію крывёю ўсю зямлю, і нішто мяне не спыніць», – казаў гарадзенец Аляксей Фокаў. Няма сумневаў, што такі загад сваім сілавікам аддаў бы сам Лукашэнка.

Зручны артыкул

У першыя тры з паловаю гады вайны ніводны баевік не быў прыцягнуты ў Беларусі да адказнасці. У 2017 годзе на працягу некалькіх месяцаў адбудуцца адразу тры суды над такімі грамадзянамі. Працэсы над імі былі або закрытымі, або максімальна непублічнымі, пра прысуды паведамлялася постфактум. Прозвішчы асуджаных раней не фігуравалі ў медыях: узялі зусім ня тых, хто хваліўся журналістам сваймі баявымі дасягненнямі. Аднак найбольшую цікавасць тут прадстаўляюць не асобы баевікоў, а час, калі тыя былі арыштаваныя і артыкул, які ім інкрымінавалі.

Тэарэтычна, баевікі могуць быць асуджаныя ў Беларусі паводле цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Напрыклад, «падрыхтоўка або вядзенне агрэсіўнай вайны» (арт. 122, максімальная санкцыя – смяротнае пакаранне), акт тэрарызму або забойства замежніка (арт. 124, ад 8 гадоў да расстрэлу) парушэнне нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў (арт. 136, да 20 гадоў турмы). І па артыкуле 133 «Найміцтва», які прадугледжвае да 7 гадоў зняволення. Па ім праваахоўнікі абяцалі ў першую чаргу прыцягваць камбатантаў. Летась ГУБАЗіК заявіў аб «10 арыштаваных наймітах», але дагэтуль невядома ні аб адным судзе.

У красавіку 2016 года ў сілавікоў зʼявіўся зручны інструмент, які дазваляў у патрэбны момант чыста дэкаратыўна прыцягваць да адказнасці ўдзельнікаў канфлікту на Данбасе. У Крымінальны кодэкс увялі артыкул 361.3 «Удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы без прыкмет найміцтва», то бок – без атрымання грошай. Ён атрымаў нефармальную назву «ідэалагічнае найміцтва». Сам удзел цяпер караўся абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Следству не трэба было даказваць ні факту атрымання імі грошай, ні паглыбляцца ў дэталі баявога шляху абвінавачаных, ні ўзаемадзейнічаць з украінскімі спецслужбамі.

Лукашэнка ўручае кветкі канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель. 11 лютага 2015 г.
Фота: president.gov.by

Для разумення тактыкі беларускіх уладаў у гэтым пытанні неабходна прыгадаць перыяд 2015-2016 гадоў. Тады Аляксандр Лукашэнка ўпершыню за ўсю гісторыю свайго кіравання актыўна запрацаваў на «знешнюю аўдыторыю».

Ён адсунуў на другі план традыцыйную рыторыку пра ворагаў унутры краіны і на Захадзе і ўваходзіў у ролю міратворца ў вачах гэтага самага Захаду, прасоўваючы імідж Беларусі як донара стабільнасці ў рэгіёне. Пасля прыёму ў Менску «нармандскай чацвёркі», неўязны ў ЕЗ аўтарытарый дамогся частковай адмены санкцый і, здавалася, узяў курс на выхад з палітычнай ізаляцыі.

Каб дасягнуць гэтай мэты, яму давялося пайсці на актывізацыю супрацы з Украінай. У 2017 годзе ён праводзіць адразу тры сустрэчы з Пятром Парашэнкам – у красавіку, ліпені і лістападзе. Ні з кім з калегаў, акрамя Пуціна, Лукашэнка яшчэ не сустракаўся так часта на працягу года. Безумоўна, яны не маглі не закранаць праблему масавага вяртання на тэрыторыю Беларусі баевікоў «ЛДНР».

«Мы з ім сустрэліся ў Эміратах. Мы ж не проста так сустрэліся – мы з ім доўга абмяркоўвалі праблемы. Я кажу яму: Пятро Аляксеевіч, што мы не выканалі з таго, што абяцалі?» – пазней казаў Лукашэнка. Ён не патлумачыў, пра якія абяцанні ішла гаворка, але тры арышты баевікоў адбыліся ў сціслы тэрмін – паміж першай і другой сустрэчай.

Парашэнка і Лукашэнка ў Кіеве, ліпень 2017 года.
Фота: president.gov.by

Ваенныя турысты

Аляксей Яршоў. Фота са старонкі УКантакце

Першым асуджаным паводле артыкулу 361.3 КК стаў Аляксей Яршоў з Паставаў, які вярнуўся дадому ў красавіку 2017-га. Чэкісты прыйшлі з ператрусам толькі ў канцы траўня, пасля чаго Яршову сказалі зʼявіцца на допыт у абласное ўпраўленне КДБ. Паводле баевіка, яго ўзялі пад варту ў кабінеце следчага і змясцілі ў СІЗА. Яршоў атрымаў два гады «хатняй хіміі», і яго выпусцілі з-пад варты. «Я добра разумеў, што пасля суда мяне вызваляць», – прызнаваўся ён і менш чым праз месяц вярнуўся на фронт.

Пасля двух месяцаў на Данбасе Віталь Мітрафанаў прыехаў у Рэчыцу. На пачатку жніўня 2017-га па яго прыйшоў ГУБАЗіК. Баевіку паказалі ягонае фота з фронту, пасля чаго той напісаў чыстасардэчнае прызнанне. Суд прысудзіў яму два гады «хіміі». У траўні 2019-га ён датэрмінова выйшаў на волю. На сілавікоў ён не ў крыўдзе: «Яны ўсе знаходзяцца пад ціскам. Калі б не было ціску зверху, гэтых палітычных маніпуляцыяў, то пажурылі б і адпусцілі», – разважаў Мітрафанаў. Свой прысуд ён лічыць «чыста палітычным рашэннем, прынятым ва ўгоду Парашэнку», бо «раней хлопцы спакойна прыязджалі дадому, іх ніхто не чапаў».

У СІЗА Мітрафанаў сустрэў Віталя Катлабая з Гомля, які пасля атрымаў два гады калоніі паводле таго ж артыкулу. Ён таксама быў затрыманы летам 2017-га. Асаблівасць гісторыі Катлабая ў тым, што ён стаў першым баевіком, якому далі рэальны турэмны тэрмін, і, хутчэй за ўсё, ён не браў удзелу ў баях. Са жніўня 2015 году пад пазыўным «Шапэн» у шэрагах «Казацкага палка ЯрГА» ён вырабляў прапагандысцкія відэаролікі і размяшчаў абʼявы пра набор байцоў у падраздзяленне. Адседзеўшы палову тэрміну, Катлабай вызваліўся ўмоўна-датэрмінова.

Іван Яравы (пазыўны «Пушкін») з Круглага Магілёўскай вобласці ездзіў на фронт і вяртаўся мноства разоў. Першы раз «Пушкіна» затрымалі і адпусцілі яшчэ ўвосень 2015 года – менавіта да гэтага часу адносіцца ягоны аповед пра добрага следчага, што прыносіў яму хатнюю ежу. Пасля Яравы паспеў зноў паваяваць і некалькі разоў прыехаць дадому на пабыўку. У студзені 2018-га ён па звычцы вярнуўся ў Беларусь з фронту, хаця на той момант ужо было вядома пра арышты баевікоў. У траўні суд прысудзіў яго да двух гадоў калоніі паводле таго арт. 361-3. Чаму яго ўсё ж пасадзілі ў турму? Хутчэй за ўсё, Яравы проста надакучыў сілавікам сваёй балбатлівасцю – пра кожны прыезд ён абвяшчаў журналістам. А палітычны момант яшчэ дапускаў лакальную пасадку, каб пусціць пыл у вочы Кіеву.

Вадзім Шаўчэнка злева. Крыніца: УКантакце

Апошнім асуджаным па артыкуле 361-3 КК стаў Вадзім Шаўчэнка. У ліпені 2019-га суд у Берасці даў яму два гады калоніі. Да таго цягам трох гадоў баявік ваяваў у «ДНР» і нават злятаў у камандзіроўку ў Сірыю, а ў канцы 2018 года вярнуўся ў Берасце, дзе нібыта зʼявіўся з павіннаю у КДБ. Верагодна, у Шаўчэнкі была свая перадгісторыя ўзаемаадносінаў са спецслужбамі. Калі тройчы судзімы баявік прыязджае дадому і пачынае трымацца залішне нахабна (а ён, напрыклад, пагражаў журналістам і блогерам), прасцей ненадоўга пасадзіць яго ў выхаваўчых мэтах, тым самым падтрымліваючы ілюзію кантролю над сітуацыяй. Арышт Шаўчэнкі сапраўды не ўкладаецца ў часовыя рамкі «падарунку Кіеву», але гэта выключэнне толькі пацвярджае правіла.

Калі б закон прымянялі аднолькава да ўсіх «вяртанцаў», Шаўчэнка стаў бы не пятым асуджаным – рахунак ішоў бы як мінімум на дзясяткі.

***

За ўдзел у вайне на Данбасе ў шэрагах незаконных фармаванняў перад судом у Беларусі паўсталі толькі пяцёра баевікоў. Двое з іх абышліся абмежаваннем волі, прычым адзін збег назад на фронт.

Прамежак часу, у які адбыліся першыя тры арышты, кажа пра выключна палітычны характар рашэння, прынятага асабіста Лукашэнкам. Наступныя арышты былі «разборкамі» з занадта балбатлівымі баевікамі на мясцовым узроўні. Зрэшты, і іх цалкам маглі б кулуарна прадэманстраваць Кіеву, калі б зайшла такая размова.

Такім жа палітычным было рашэнне не кранаць дзясяткі іншых баевікоў, якія свабодна прыязджалі на пабыўку або назусім вярталіся ў Беларусь. Як узгадваў адзін з іх, Канстанцін Фафанаў з Барысава, пасля фармальнага ператрусу чэкісты на развітанне параілі яму не кантактаваць з журналістамі і наагул паменей распавядаць пра Данбас.

Kацярына Aндрэева belsat.eu

Стужка навінаў