Зімовыя дарогі: парады кіроўцам

Інфаграфіка

Фота Dmitry Feoktistov/TASS

Кароткі светлавы дзень, мокры снег з дажджом, начныя паніжэнні тэмпературы – усё гэта можа сур’ёзна ўскладніць дарожную абстаноўку. Увогуле, паводле звестак беларускай ДАІ, рызыка дарожна-транспартавых здарэнняў узімку ўзрастае ў параўнанні з летам амаль у шэсць разоў. І міліцэйскія зводкі апошніх дзён пра ахвяраў ДТЗ гэта толькі пацвярджаюць.

Паколькі прагноз надвор’я на найбліжэйшыя дні паляпшэнняў на дварэ не прадбачыць, мы сабралі найбольш важныя парады кіроўцам, якія дапамогуць зберагчы вашыя жыцці і жыцці вашых блізкіх.

Як ездзіць зімой

Найбольш небяспечныя месцы зімой – гэта масты, скрыжаванні вуліцаў і прыпынкі грамадскага транспарту, участкі дарог паблізу вадаёмаў і рэк, а таксама закругленні, спускі і ўздымы. А найбольш небяспечны час сутак – раніца і вечар.

Фота Denis Kozhevnikov/TASS

Пры пагаршэнні надворʼя і выпадзенні багатых ападкаў ДАІ раіць па магчымасці ўвогуле адмовіцца ад кіравання транспартнымі сродкамі. Калі вы ўсё ж запланавалі паездку, перад пачаткам руху абавязкова пераканайцеся ў спраўнасці фараў і шклоачышчальнікаў. Нельга забывацца і пра ўсесезонныя меры, кшталту рамянёў бяспекі.

Апоны

Пры тэмпературы паветра ад плюс сямі градусаў і ніжэй стандартная гума на апонах можа зацвярдзець, што памяншае счапленне з дарогай і пагражае заносамі. Таму проста неабходна памяняць апоны на зімовыя, бо мяккія гатункі гумы зімовых пратэктараў не губляюць на марозе эластычнасці. Акрамя таго, адмысловы малюнак пратэктара забяспечвае найбольшую моц цягі на снезе ды зніжае рызыку страты счаплення падчас ападкаў.

Шыпаваная гума неабходная за горадам. У горадзе ж на асфальце ці снежна-солевай масе шыпы бескарысныя.

Ездзіць па лёдзе настолькі ж акуратна, як і хадзіць

Мы папрасілі Сяргея Аўчыннікава, кіраўніка Цэнтру контраварыйнай падрыхтоўкі ў Менску, даць некалькі карысных парадаў на выпадак экстранных здарэнняў. Аўчыннікаў раіць праверыць, якое счапленне з дарогай – асфальт ці лёд, і ўвесь час гэта кантраляваць. Зрабіць гэта можна, трошкі прытармазіўшы, але так, каб не ствараць небяспечных сітуацый.

«На цэнтральных дарогах, дзе асфальт пасыпаны пяском, нармальная дарога. Але калі мы з’ехалі на якую бакавую вулачку, там ужо можа быць лёд», – адзначае эксперт.

Не абышлося і без парадаў, пра якія забывае ДАІ. Напрыклад, адносна падрыхтоўкі аўтамабіля да выезду. Гэтак, трэба ачысціць шкло машыны цалкам, каб была добрая бачнасць, а не толькі нейкі кавалак. А халодныя апоны і падвеску суразмоўца раіць разаграваць наступным чынам: спачатку праехаць павольна, каб усе агрэгаты распрацаваліся і счапленне колаў з дарогай палепшылася.

Кожны соты аўтамабіль на дарогах – небяспечны

«Таксама важны параметр, які можна адчуць на стырне – стырно робіцца лягчэйшым. Заўсёды ад дарогі ёсць зваротная рэакцыя на стырно, якое спрабуе выпрастацца. На асфальце яно добра выпростваецца, а на лёдзе – значна горш, можа быць нават нібыта адключаным», – падкрэсліў Сяргей Аўчыннікаў.

Паводле эксперту, ездзіць па лёдзе трэба прыкладна настолькі ж акуратна, як мы па ім і ходзім.

Увогуле ж, падкрэслівае Сяргей Аўчыннікаў, усе гэтыя веды – гэта толькі тэорыя. І пажадана іх паспрабаваць ужыць на практыцы, каб мець пэўны досвед. Таму, раіць суразмоўца, лепш выехаць на якую-небудзь пляцоўку ці паркоўку, дзе няма машын, і паспрабаваць розныя элементы, каб ужо мець навыкі, якія дазваляюць выходзіць са складаных сітуацый. «Але, вядома, лепш у іх не трапляць», – заключыў ён.

МГ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары