Зіма блізка: Менск пачаў рыхтавацца да навагодніх святаў


Хоць да Новага году, як і да Калядаў, яшчэ больш за месяц, беларускія гарады ўжо пачалі рыхтавацца да святаў. Першай прыкметай гэтай падрыхтоўкі з’яўляюцца каркасы штучных елак. Праўда, запаліць агеньчыкі на ялінках у Менску плануюць толькі 15 снежня.

На Кастрычніцкай плошчы пачалі ўсталёўваць каркас елкі

Агулам у Менску прадугледжана ўсталёўка 28 навагодніх елак. Абяцаюць, што ялінка на Кастрычніцкай плошчы, якую традыцыйна прадстаўляюць як галоўную ў краіне, будзе выглядаць сёлета па-новаму і незвычайна. Яе ўпрыгожыць новы тып гірлянд – лямпы-пікселі, якія пакрыюць елку сеткай і змогуць адлюстроўваць розныя выявы па зададзенай праграме. Камандаваць зменай малюнка будзе ўсталяваны пад дрэвам прыбор-кантролер. Па сутнасці, ялінка на Кастрычніцкай мусіць пераўтварыцца ў светлавы экран.

Зіхацець елкі будуць штодня з надыходам змяркання. А вось гарадскую ілюмінацыю будуць уключаць толькі па святах.

Навагодняя елка каля Менгарвыканкаму

Жывыя елкі – ад 10 рублёў, штучныя – ад 4,3

20 снежня на Кастрычніцкай плошчы мае запрацаваць калядны кірмаш. Тут усталююць 12 шкляных, падобных да сотаў, гандлёвых павільёнаў, у якіх будуць прадаваць сувеніры, печыва, гарачыя гарбату, каву і глінтвейн. Трошкі раней, з 15 снежня, запрацуе «Калядны кірмаш» каля Палаца спорту.

Што тычацца аб’ектаў гандлю, універмагаў і гандлёвых цэнтраў, дык яны мусяць быць упрыгожаныя гірляндамі, цацачнымі снегавікамі і навагоднімі елкамі да 30 лістапада. У прыватнасці, у гандлёвым цэнтры «Сталіца» па традыцыі размесцяць 12-метровую ёлку і інсталяцыю «Дзед Мароз вязе падарункі».

Чакае гандлёвыя сеткі і сацыялістычнае спаборніцтва – конкурс на лепшае навагодняе афармленне гандлёвага аб’екта. Пры ацэнцы ўлічваюцца навізна ў афармленні, арыгінальнасць і маляўнічасць кампазіцыі.

А з 22 па 31 снежня ў горадзе будуць працаваць кірмашы па продажы елак. Жывыя ялінкі можна будзе набыць па коштах ад 10 (вышынёй да 1 метра) да 32 рублёў (трохметровыя). У мінулым годзе кошты былі амаль такія ж – ад 10 да 30 рублёў.

Абвешчаныя ўжо і кошты на штучныя навагоднія елкі. Гэтак, самую танную можна будзе набыць за 4,3 рубля. А вось за самую дарагую давядзецца аддаць 570 рублёў. У мінулым годзе кошт на штучныя елкі пачынаўся ад 3,65 рублёў.

Навагодняя елка каля Ратушы

Колькі будзем працаваць і адпачываць?

Варта нагадаць таксама, што сёлета беларусаў чакае адразу некалькі працоўных субот напярэдадні навагодніх і калядных святаў. Гэтак, працоўныя дні будуць пераносіцца з панядзелка 24 снежня – на суботу 22-га, з панядзелка 31-га – на суботу 29-га. Таксама беларусаў чакаюць трохдзённыя выходныя з 23 па 25 снежня, з 30 снежня па 1 студзеня і з 5 па 7 студзеня.

Завершыцца ж навагодняе шаленства агнёў і колераў прыкладна 15 студзеня, калі дарослыя аматары канструктараў пачнуць разбіраць назад штучныя елкі на галоўных плошчах. Тады ж давядзецца развітацца і з каляднымі кірмашамі ды ілюмінацыяй.

МГ, фота аўтара

Стужка навінаў