Жывыя статуі, фокуснікі і вулічныя тэатры: У Горадні распачаўся фестываль вулічнага мастацтва


Шосты раз Горадня сабрала вулічных мастакоў і творцаў з усёй Беларусі, а таксама з Літвы, Украіны, Расеі і Польшчы на Біг-міні-фестываль.

На выходныя Горадня пераўтварылася ў маленькую карнавальную Венецыю. Болей 300 вулічных мастакоў з Беларусі і суседніх краін упрыгожылі галоўную вуліцу і плошчу горада, дзе распачалося сапраўднае свята . Яскравыя жывыя статуі, загадкавыя мімы, высачэзныя артысты на хадулях, музыкі і мастакі ператварылі вуліцы гораду у пляцоўку тэатральнага шоу. Тысячы гарадзенцаў разам з сем’ямі прыйшлі падзівіцца на артыстаў.

Біг-міні фестываль вулічнага мастацтва ў Горадні, 2017. Горадня 29 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Як распавядае адна з арганізатараў, Настасся, 6 гадоў таму фестываль вулічнага мастацтва быў толькі марай, і цяпер ёй вельмі імпануе тое, што адбываецца.

“Гародня да гэтага натхняе. Тут цудоўная атмасфера, таму да нас прыязджае шмат артыстаў з розных краін. Літва Польшча, Україна, Расея і ўся Беларусь. Фестываль даўно зарэкамендаваў сябе, стаў вельмі душэўным, атмасферным, сямейным. Безумоўна, з кожным годам фестываль становіцца яшчэ лепшым”.

Шэсце ўдзельнікаў фестываля вулічнага мастацтва на плошчу Савецкую. Горадня 29 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Мастацтва моманту

Жывая статуя “Гаечка” распавяла нам, што завуць яе Надзея і прыехала яна з Тальяці. Арганізатары – яе добрыя знаёмыя і ўжо даўно запрашалі выступіць у горадзе.

“Мы прыехалі ўдвох, а пачала я гэтым займацца даўно, пасля таго, як пабачыла сусветнавядомы  фільм “Амелі”. Гэта было 9 гадоў таму. У фільме была статуя, якая мяне натхніла стварыць такі вобраз. А потым і іншыя падцягнуліся. Вулічнае мастацтва рэагуе імгненна, тут і цяпер.  Гэта мастацтва моманту. Спадабалася гледачам  – і артысты атрымалі грошыкі. А ў класічных тэатрах яны атрымліваюць грошы авансам. Дзякуючы такім фестывалям падымаецца ўзровень вулічнага мастацтва”, – тлумачыць Надзея.

Шэсце ўдзельнікаў фестываля вулічнага мастацтва на плошчу Савецкую. Горадня 29 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Глыток свабоды

Людзі спыняліся, зачараваныя загадкавай музыкай у выкананні Яраміра Ярошыка. Артыст ужо ў другі раз прыехаў выступаць у Горадню з Менску.

музыкант з Менску, Ярамір Ярошык. Горадня 29 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

“Шчыра кажучы, Горадня вельмі пазітыўны горад. Для мяне вялікая радасць прыехаць сюды і падзяліцца сваёй творчасцю. Я лічу, што сёння чалавецтва стала перад выбарам: або нам усім сябраваць адзінай сям’ёй або кануць у небыццё. Думаю, што творчасць у любой сваёй праяве існуе, каб рабіць наш свет лепшым. І вулічнае мастацтва таксама адыгрывае ў гэтым важную ролю. Вулічны фестываль – вялікі плюс для Беларусі, таму што вельмі не хапае глытка свабоды для мастакоў і творцаў. Гэта развівае ўнутраную свабоду. Трэба ствараць магчымасць, каб людзям было камфортна знаходзіцца ў горадзе, як цяпер у Горадні. Спадзяюся, што хутка гэта будзе вельмі актыўны рух нават у маленькіх гарадах”, – кажа музыка Ярамір Ярошык.

Шэсце ўдзельнікаў фестываля вулічнага мастацтва на плошчу Савецкую. Горадня 29 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Біг-міні-фестываль вулічнага мастацтва працягнецца да 30 ліпеня.

 

ПВ, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў