Жыццё як у фільмах Хічкока. Галоўныя факты пра Максіма Танка


Сёння – 105 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.

Максім Танк быў фанатам галівудскіх фільмаў і абстрактнага жывапісу, меў акіян урадавых узнагарод, але, атрымаўшы Дзяржаўную прэмію СССР (1948 г., за паэтычны зборнік «Каб ведалі»), дапамагаў ахвярам сталінскай сістэмы Пятро Бітэлю, Барысу Мікулічу і асабліва Ларысе Геніюш.

Пачатак рукапісу Максіма Танка «Як бог гуляў на вечарыне». З архіву Л. Дранько-Майсюка

Яшчэ ў 40-я гады марыў вырвацца з абдымкаў сацыялістычнага рэалізму і пісаць вершы без рыфмы. Свой псеўданім выбраў «таму, што ўсе віды флоры былі разабраны папярэднікамі і сябрамі: Колас, Гушча, Чарот, Крапіва, Бярозкін, Васілёк.[Акрамя таго] слова «танк» асацыюецца з адной са старэйшых формаў японскай паэзіі – «танка».

Малады Максім Танк нагадваў герояў фільмаў Альфрэда Хічкока. У гэтых стужках прысутнічаў нязменны матыў – смелы адзіночка супрацьстаіць цэлай зграі шпіёнаў, тайных агентаў, паліцыі, якія за ім палююць.

Рыгор Семашкевіч. Арышт у Вільні. 1932 г.

У Заходняй Беларусі Максім Танк з такім жа спрытам хаваўся, уцякаў, мяняў адрасы. Выдатна падробліваў дакументы. Калі сядзеў на Лукішках, «турэмны камітэт неаднойчы даручаў яму перапісваць грыпсы». А як скончыў Віленскую расійскую гімназію імя А. Пушкіна, то «унёс лёгкія каліграфічныя змены» у свой вучнёўскі білет сапраўдны да 1 верасня 1932 года, «у выніку – дата падоўжылася да 1 верасня 1933 года».

Максім Танк у Лукішках. 1932 г. Wikipedia.com

Умела дурыў суддзяў, калі пераканаўча даводзіў, што свой антырэлігійны верш »Як бог гуляў на вечарыне« пісаў не ён, а Кандрат Крапіва.

Бо за такія радкі:

…а бог, пацягнуўшы на срацэ апоркі,

памалу, хоць бокам, прылез да дзяўчат.

Ў Ганулі за цыцку рукой учапіўся,

другой пад спадніцу кудысь заблудзіў…

Паводле 172-га артыкулу Крымінальнага кодэксу, 26-ы раздзел («Злачынствы супраць рэлегійных пачуццяў») пагражала зняволенне да пяці гадоў.

Адным словам, адчуваў сябе такім жа смелым рызыкантам, як і персанажы Хічкока.

Хічкокаўскай напругай прасякнуты і творы паэта 30-х гадоў. Кожны верш успрымаецца, як трылер, у якім галоўны герой хоча вырвацца хоць куды – абы не трапіць у лапы паліцыі ці тайных агентаў.

Таму ня дзіўна, што ў яго зборніках »На этапах« (1936 г.), »Пад мачтай« (1938 г.) – адзін суцэльны рух: цыганы, цягнікі, непрыкаяныя турысты, параходы, ветры і дажджы – усё кудысьці ляціць, едзе, плыве, падае, бяжыць, уцякае:

Сягоння параходы выйдуць

Ў дарогу дальнюю па радасць.

І мне б героем Майн Рыда

Плыць у такое Эльдарада,

Дзе салаўі, а не бараны,

Складаюць звонкія напевы,

Дзе не артыкулы – бананы

Растуць, красуюцца на дрэвах…

(з кнігі »Пад мачтай«, 1938)

Як і ў фільмах Хічкока, тут пануе закон: спынішся – загінеш, рухаешся – жывеш.

Знешне паэт, па трапнаму назіранню Леаніда Дранько-Майсюка, нагадваў кінагероя – прыгожы, яркі, фізічна моцны, іранічны і вынаходлівы. Многія дзяўчаты былі ў яго закаханыя. Вядомы факт, як ужо пасля вайны, Максім Танк і група беларускіх пісьменнікаў паехалі ў Варшаву, то Аркадзь Куляшоў вельмі зайздросціў сябру, калі бачыў, што таго дамагаецца мясцовая зорка аперэты.

Пратакол вобшуку, які 20 жніўня 1934 года правяла польская паліцыя ў хаце Максімка Танка ў вёсцы Пількаўшчына, Мядзельскай гміны, Пастаўскага павета. З архіву Л. Дранько-Майсюка

У стасунках з жанчынамі заставаўся сапраўдным рыцарам. Заступаўся за гонар Наталлі Арсенневай, калі да яе заляцаўся Алесь Кучар (абяцаў таго скінуць з лесвіцы), а Ларыса Геніюш называла паэта казачным прынцам. Але, як і героям фільмаў Хічкока, Максіму Танку далёкі вобраз Дон Жуанам. Праз усё жыццё яго галоўнай жанчынай была жонка Люба.

Напісаў сцэнар баевіка

Выразная кінематаграфічнасць твораў паэта была заўважана класікам польскага кіно Аляксандрам Фордам. Рэжысёр натхніўся гераічна-меладраматчынай паэмай Максіма Танка »Нарач« (пра паўстанне беларускіх рыбакоў супраць улады) і захацеў зняць па ёй фільм.

Па-сутнасці, наш паэт быў першым беларускім творцам, які супрацоўнічаў з сусветна вядомым рэжысёрам. Другі такі прыклад можна прывесці толькі з Алесем Адамовічам (ён пісаў сцэнар для амерыканскага класіка Стэнлі Крамера).

Заява лукішскага вязня Яўгена Скурко (Максіма Танка) ад 16 ліпеня 1933 года з просьбай дазволіць яму выпісаць газету Głos Wilna, дзе было шмат цікавай інфармацыі пра сусветнае кіно. З архіву Л. Дранько-Майсюка

Максім Танк і Аляксандр Форд марылі ператварыць свой фільм у захапляльны баявік, нічым не горшы за амерыканскія прыгодніцкія стужкі. Быў ужо напісаны сцэнар, выбіралі натуру і актораў. Хадзілі чуткі, што Форд хацеў, каб сам паэт сыграў адну з роляў. На вялікі жаль, пачатак другой сусветнай вайны не даў здзейсніцца задуманаму.

Жыццё Максіма Танка, асабліва яго маладыя гады, гэта сапраўдны авантурна-прыгодніцкі раман, які яшчэ чакае свайго беларускага Хічкока, каб увасобіць на экране.

Васіль Дранько-Майсюк

У артыкуле выкарыстаны некаторыя матэрыялы з кнігі Леаніда Дранько-Майсюка «Натуральны, як лінія небасхілу», а таксама фотаздымкі з ягонага асабістага архіву.

Стужка навінаў