Жыццё дыябетыка ў Беларусі каштуе € 300–500 на месяц


300 тысячаў чалавек – столькі жыхароў Беларусі хварэюць на цукровы дыябет. І колькасць асобаў з такім дыягназам усё павялічваецца. Да таго ж цукроўка ўвесь час «маладзее» – узнікае хвароба ва ўсё ранейшым узросце.

Яніна Мельнікава ўжо 13 гадоў мае дыягназ дыябет. Дзяржава мусіць забяспечваць яе, як і ўсіх хворых на цукроўку грамадзянаў нашай краіны, інсулінам. Але калі дзецям, цяжарным жанчынам ды пацыентам з інваліднасцю выпісваюць інсулін замежнай вытворчасці, Яніне, як і астатнім дарослым дыябетыкам, прапануюць толькі беларускі, які значна саступае ў якасці.

«Яны не вельмі мне падыходзяць. Узровень цукру ў крыві скача, гэта небяспечна для здароўя, гэта небяспечна таксама і для маіх блізкіх», – кажа Яніна Мельнікава.

І праблема не толькі ў леках. Дарослыя дыябетыкі не атрымліваюць шпрыц-ручкі, якія спрашчаюць увядзенне інсуліну. Дзяцей, цяжарных ды інвалідаў прыладамі забяспечвае дзяржава, астатнім выдаюць звычайныя. Сучасныя дэкскомы, якія вымяраюць узровень цукру, не даступныя беларусам. Яны таксама не прадаюцца і не выдаюцца. Старыя ж мадэлі глюкометраў трэба захоўваць у лядоўні ды вымаць непасрэдна перад карыстаннем.

«Пытанне, якое ставяць нашыя эндакрынолагі, што «Калі б было так кепска, тое, што мы вам прапануем, смяротнасць бы расла. 21 стагоддзе, пытанне не стаіць: памрэм мы зараз масава, ці працягнем 10-15 год. Пытанне стаіць у тым, што з дыябетам можна і трэба жыць з ранейшай якасцю жыцця», – кажа арганізатарка дыскусіі «Сусветны дзень дыябету» Крысціна Вітушка.

Таму дыябетыкам даводзіцца самім набываць сабе глюкометры, тэст-палоскі ды батарэйкі, ланцэты, інсулін, іголкі. Таксама трэба рэгулярна здаваць аналізы, часта за свае грошы.

«Па розных ацэнках, хто, дзе, як купляе. Хто як выкручваецца, у каго якія дозы і хто які стаж мае, але гэта 300-500 еўра на месяц каштуе проста жыццё. Гэтыя медыкаменты не паляпшаюць нашае жыццё, а проста дазваляюць жыць», – кажа арганізатарка дыскусіі «Сусветны дзень дыябету» Крысціна Вітушка.

Гэта пры тым, што маці дзяцей дыябетыкаў часам не могуць выходзіць на працу, бо мусяць кантраляваць стан здароўя сваіх малых.

«Сістэма дашкольнай адукацыі, як зараз і школьная, аказалася не гатова сустрэць маё дзіця. Садок адмовіўся ад майго дзіцяці, бо яны не могуць узяць на сябе такую адказнасць, медычная сястра ў садку не падрыхтаваная. Яна не можа калоць уколы інсуліну», – кажа маці Паўліны, хворай на дыябет, Лідзія Карцава.

І падобныя сітуацыі даволі распаўсюджаныя. Мамам малодшых школьнікаў даводзіцца дзяжурыць ля школаў, каб у патрэбны момант увесці неабходную дозу інсуліну. Паўстае пытанне і з харчаваннем, ад якасці якога моцна залежыць стан здароўя. Не кожны можа сабе дазволіць здаровую ежу.

«Усе астатнія дыябетычныя прадукты, калі вы прыйдзеце ў краму, вы пабачыце, яны значна даражэйшыя за тое, што ёсць для звычайных людзей. І тая дапамога, якая ёсць ад дзяржавы, яны безумоўна павінна быць у нейкіх датацыях з боку дзяржавы на набыццё прадуктаў», – кажа Яніна Мельнікава.

Дыябетыкі кажуць, заявы чыноўнікаў пра тое, што «лячэнне цукроўкі ў Беларусі ажыццяўляецца за кошт дзяржаўнага бюджэту», успрымаюць як здзек. Насамрэч каму «сваё здароўе даражэйшае», яно даражэйшае ў канкрэтным грашовым вымярэнні.

Вольга Чайчыц belsat.eu

Стужка навінаў