Жырыноўскі важнейшы за Пуціна. Такое толькі на мяжы з Беларуссю


400 кіламетраў ад сталіцы, неўзабаве выбары, а ў Смаленску мала што нагадвае пра галоўнага кандыдата ў краіне. Губернатар вобласці – чалец партыі ЛДПР, а таму вуліцы мільгацяць плакатамі «свайго» лідара – Жырыноўскага. Як выглядаюць выбары прэзідэнта Расеі ў Смаленску? Рэпартаж Змітра Міцкевіча ды Ігара Кулея.

Гаворыць Максім, валанцёр рэгіянальнага штабу ЛДПР: «Мы вядзем не толькі агітацыйныя акцыі нашым рэгіянальным аддзяленнем ЛДПР, але і ладзім імпрэзы для моладзі. Круглыя сталы, спаборніцтвы, гульні ў валейбол. Ніякіх абмежаванняў ці ціску няма».

Маскву такі расклад не раздражняе. Тут мясцовым уладам пастаўлена іншая задача.

«Такой актыўнай кампаніі па закліканню выбарцаў на ўчасткі не было ніколі. Выдаткоўваюцца вялізарныя грошы з бюджэту на рэклам», – каментуе Аляксандр Багамаз, мясцовы незалежны муніцыпальны дэпутат.

Прыкладаў пікетаў за іншых палітыкаў адзінкі. Месяц таму ў гэтым месцы быў перадвыбарчы штаб Ксеніі Сабчак. Зараз тут пуста, хоць час на агітацыю быў бы найбольш адпаведны.

Мы атрымалі наступны адказ:

«Добры дзень, Ігар.

Штаб у Смаленску, як і некаторыя іншыя, якія паспяхова выканалі сваю функцыю па зборы подпісаў, спыніў сваю працу.

Філіп, штаб Ксеніі Сабчак».

Адзінымі, акрамя ЛДПР, хто актыўна ўдзельнічае ў прэзідэнцкай кампаніі ў горадзе, застаюцца мясцовыя актывісты са штабу Аляксея Навальнага. Вядомы сваімі расследаваннямі палітык не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата. Зараз Навальны заклікае байкатаваць выбары і рыхтуе кампанію па назіранню.

«Мы павінныя паказаць, што яўкі на выбарах няма. А Пуцін – нелегітымны прэзідэнт». – каментуе Андрэй Валабуеў, каардынатар смаленскага штабу Аляксея Навальнага.

Гуляць у выбары з рознымі кандыдатамі, за малым выключэннем, Крэмль дазваляе, а вось сабатаваць галоўную задачу – высокую яўку, нікому не дазволена. Таму на людзей Навальнага націскаюць па ўсёй Расеі, Смаленск не выключэнне.

«Учора выходжу з хаты зайшоў у краму, выйшаў адтуль, а мяне ўжо чакаюць. Два супрацоўнікі цэнтру па барацьбе з экстрэмізмам і ўчастковы. Паказалі мне свае «корачкі» і павезлі ў аддзяленне паліцыі», – працягвае Андрэй Валабуеў.

Пасля чаго адбыўся суд за рэпост у сацсетках з нібыта заклікам да масавай акцыі. У выніку Андрэя пакаралі штрафам у амаль дзве з паловаю тысячы долараў. І гэта ўжо не першы штраф для мясцовага штабу. Акрамя затрыманняў і штрафаў улады працяглы час блакуюць інтэрнет-старонку руху Навальнага на тэрыторыі ўсёй краіны.

Нягледзячы на гэта актывісты цвердзяць, што працаваць у такіх умовах можна. У адрозненні ад Беларусі, расейская апазіцыя ўсцяж мае інструменты кантролю, напрыклад магчымасць удзелу ў падліку галасоў. Што праўда, гэта ніяк не ўплывае на вынік.

«Палітычныя працэсы ў Расейскай Федэрацыі заканчваюцца палітычным пераследам актывістаў і судовай адмовай па ўсіх скаргах», – заяўляе Аляксей, юрыст смаленскага штабу Аляксея Навальнага.

Наяўнасць у Расеі буйных, прыватных, рэгіянальных медыяў ніяк не дапамагае. Яны ведаюць правілы гульні. Калі захоўваеш поўную самацэнзуру, на цябе ніхто не будзе націскаць.

Распавядае Алёна Хліманава, журналістка 7х7:

«Не, няма нічога такога. У нас няма ніякай такой журналістыкі за якую можна штрафаваць».

У 2006 годзе ў Расеі адмянілі мінімальны парог яўкі на выбарах. Плебісцыт будзе прызнаны нават, калі, умоўна, прагаласуе толькі 5% насельніцтва. Але Уладзімір Пуцін хоча сапраўднай перамогі, а што за ёй ідзе і легітымнасці.

Большасць апытаных намі пойдуць на выбары. З такім настроем вынік выбараў прадказальны. Менавіта з-за гэтага для часткі апанентаў дзейнага прэзідэнта гэтыя выбары не маюць сэнсу.

«Нікому не цікава глядзець спартовы матч, калі лік гульні вядомы загадзя», – працягвае Аляксандр Багамаз, мясцовы незалежны муніцыпальны дэпутат.

Праўда, у адрозненні ад сумнага спартовага матчу, які заўсёды можна выключыць, зрабіць тое ж самае з выбарамі не атрымаецца.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Стужка навінаў