Жырыноўскі прапанаваў скінуць ядравую бомбу на Турцыю


Калі Расея ўдарыць ядравай зброяй па Турцыі, яе саюзнікі Турцыі па НАТО не стануць умешвацца, «не жадаючы паміраць у ядравым пажары», падкрэсліў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі Уладзімір Жырыноўскі.

«Туркі як усходнія народы – іх больш за ўсё раздражняе і хвалюе невядомасць. Яны цяпер у шаленстве – і прэзідэнт, і прэм’ер-міністр, і генштаб Турцыі – яны не ведаюць, што адбудзецца. Я б на іх месцы цяпер баяўся знішчальнага ўдару па Турцыі. Адно дурное дзеянне прэзідэнта, і краіны наагул можа не быць», – падкрэсліў Уладзімір Жырыноўскі ў прамым эфіры радыёстанцыі «Говорит Москва».

Глядзіце таксама >>> Без падтрымкі: беларускі МЗС аднолькава спачувае «братняй Расеі» і «сяброўскай Турцыі»

«Яе можна сцерці ракетна-яддравым ударам. Стамбул знішчыць вельмі лёгка: дастаткова адну ядравую бомбу ў праліў кінуць, і яго змые. Гэта будзе такая страшная паводка, слуп вады падымецца на 10-15 метраў, і гораду не будзе, а там 900 тыс. жыве», – адзначыў Уладзімір Жырыноўскі.

Лідар ЛДПР таксама дадаў, што цяпер Турцыя для Расеі – вораг нумар адзін.

Расейскі бамбавальнік быў збіты турэцкім знішчальнікам 24 лістапада. З гэтага часу адносіны паміж Расея і Турцыяй надзвычай напружыліся. Расея нават абвесціла аб прыпыненні бязвізавага рэжыму з Турцыяй.

МЯ, паводле govoritmoskva.ru

Стужка навінаў