«Жылі разам і памерлі ў адзін дзень». У вёсках Лунінецкага раёну спадзяюцца, што хварэюць на «звычайнае запаленне лёгкіх»


У вёсцы Ракітна, што ў Лунінецкім раёне, у адзін дзень памерла пажылая пара, некалькі чалавек шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх. Унучка памерлых распавяла «Белсату», што яе сям’я – цяпер у самаізаляцыі, а маці і дзядзька – у шпіталі, у іх узялі аналіз на каронавірус.

86-гадовая Ганна і 84-гадовы Іван В. памерлі ў адзін дзень. Усё жыццё яны пражылі ў вёсцы Ракітна, што каля 10 кіламетраў ад Лунінца. Тут Ганна і Іван пабудавалі свой дом, выгадавалі дзвюх дачок і дваіх сыноў. Некалькі гадоў таму здарылася няшчасце – памёр адзін з сыноў.

«Бабуля і дзядуля ўсё жыццё жылі ў Ракітна. Ажаніліся яны недзе ў 20-гадовым узросце, усё жыццё пражылі разам і памерлі ў адзін дзень», – распавяла «Белсату» унучка Галіна.

Фота: media-polesye.by

Іван памёр у сваім доме, Ганна – у шпіталі. Прычыны смерці бабулі і дзядулі медыкі не агучылі.

«Магчыма, што памерлі па ўзросце, я не ведаю дакладна. Нічога не ведаю, бо нам не кажуць», – распавяла Галіна.

«Мы не былі нават на пахаванні дзядулі і бабулі. На жаль, у нас не атрымалася праз сямейныя абставіны. Мы ўсе здаровыя, усе працуем. З дзядулем і бабуляй у нас не было наўпроставых кантактаў. Ужо даўно, як толькі выявілі каронавірус у лунінецкім «Еўраопце», мы ўсе ізаляваліся па сваіх сем’ях і кантактавалі толькі праз тэлефон. Калі недзе выходзілі, то абавязкова надзявалі маскі, пальчаткі – такая была абарона. Бабуля і дзядуля амаль нікуды не выходзілі, былі толькі ў сваім доме. Вы ж самі ведаеце, што робіцца ў Ракітне», – дадала ўнучка Галіна.

Але на пытанне, што ж робіцца ў Ракітне, жанчына не захацела адказваць.

Здымае мае ілюстратыўны характар. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Вёска Ракітна размяшчаецца на чыгуначным шляху з райцэнтру. Тут, паводле крыніцаў «Белсату», а таксама ў суседніх Яжаўках некалькіх чалавек забралі ў шпіталі з запаленнем лёгкіх. Афіцыйна не паведамляецца, што ў людзей COVID-19. Але многія хвалююцца і самаізалююцца.

«Мая маці і яе брат – у шпіталі. Мы спадзяемся, што нічога сурʼёзнага. Ім рабілі тэст на каронавірус, але вынікаў пакуль няма. Нічога не магу сказаць, бо мы самыя нічога не ведаем. У санстанцыі нам паведамілі, што калі пацвердзіцца каронавірус, то прыедуць і зробяць дэзынфекцыю, апрацуюць. У нас такая мітусня цяпер, што я нават не памятаю, калі бралі аналіз у мамы, зусім нядаўна гэта зрабілі. Таму ў чаканні», – распавяла «Белсату» ўнучка Галіна.

Жанчына распавяла, што яе маці і дзядзька цяпер у шпіталі ў Лунінцы. Пра стан іх здароўя жанчына не захацела казаць.

«Мы з імі не мелі кантактаў. Мы асобна жывем. Але пакуль няма аналізаў – складана гаварыць. Спадзяемся, што ўсё ж звычайнае запаленне лёгкіх, галоўнае, каб не было больш сурʼёзнага».

Намеснік кіраўніка райвыканкаму, адказны за ахову здароўя, праз тэлефон быў не дасяжны. У Лунінецкай больніцы атрымаць інфармацыю пра стан здароўя шпіталізаваных сына і дачкі памерлых не ўдалося. Таксама ў Лунінецкай больніцы карэспандэнту belsat.eu адмовіліся даваць інфармацыю аб колькасці хворых COVID-19 і колькасці хворых пнеўманіяй.

Фота: http://lncrb.by/

На сайце ўстановы паведамляецца, што з 20 красавіка раённая больніца з мэтай спынення распаўсюду інфекцыі змяніла сваю працу. Цэнтральныя ўваходы зачыненыя, створаныя асобныя кабінеты для прыёму пацыентаў. Планавыя абследаванні адмянілі, у больніцу немагчыма патрапіць нават для таго, каб выпісаць рэцэпт.

Hавiны
Праз каронавірус Жыровіцкі манастыр закрываецца да 10 траўня
2020.04.21 09:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў