Жыхары Зялёнага Лугу «перамаглі» незаконную будоўлю


Тры гады змагання жыхароў Зялёнага Лугу супраць новабудоўлі і доўгачаканая перамога. Будаўніцтва «Клубу аматараў бегу», які мусіў паўстаць у зялёнай зоне ў сталіцы, прыпыненае. Як бачым, цяпер тут вядуцца дэмантажныя працы.

Пра будоўлю на вуліцы Цікоцкага ў Менску, што распачала кампанія «Гаісервіс», насельніцтва даведалася ў 2013-ым. Ужо па факце – калі неўзабаве паўстаў плот і знікла частка дрэваў, якія аддзялялі спальны раён ад кальцавой. Рэакцыя жыхароў незабавілася. Супраць нібыта сацыяльнага аб’екту пад назвай «Клуб аматараў бегу» распачаліся стыхійныя мітынгі. Апроч таго, грамадзяне падалі калектыўную скаргу ў суд.

«Калі б яны адчыніліся, то зялёнай зоны ў нас не было б. Я вось жыву на 9-ым паверсе. Кальцавая чутна ўсё болей і болей. Нібыта ў мяне на гаўбцы цягнікі ходзяць», – кажа жыхарка Зялёнага Лугу.

Яшчэ адзін жыхар мікрараёну заўважае:

«Людзі паўсталі, калі тут вырубаць пачалі гэты пятак. Тут жа лес быў! Вось і ўсё!»

Актывісты даказалі, што дазвол на будаўніцтва аб’екта, які выдаў Менгарвыканкам, быў незаконны і парушыў асноўны дакумент – Горадабудаўнічы план сталіцы. Праект аказаўся «фэйкавы». У ім не прадугледжваліся бегавыя дарожкі ды неабходная інфраструктура.

«Згодна рэгламентам, вось такі аб’ект у гэтай зоне месціцца не мог. Гэта лесапарк «Зялёны луг», і лес, які тут быў вырублены – гэта ўвогуле лес першай катэгорыі», – адзначае мясцовая актывістка Людміла Швяцова.

У канфлікце наўпрост не закраналіся дзяржаўныя інтарэсы. Менавіта таму, паводле актывістаў, перамога стала магчымая. Дзеля заспакаення грамадзянаў чыноўнікі ахвяравалі інтарэсамі прыватнага бізнесу, мяркуюць адмыслоўцы. Важкім момантам стала грамадская салідарнасць.

«Дадзеныя жыхары былі вельмі актыўныя, калі баранілі свае правы, яны выкарыстоўвалі шмат механізмаў, пратэставыя, вулічныя акцыі і збор подпісаў», – кажа каардынатар ініцыятывы «Генплан – для мінчан!» Дзяніс Кобрусеў.

Пакуль у адной частцы Зялёнага лугу, нарэшце, становіцца спакойна, побач – на Цнянскім вадасховішчы – наспявае экалагічная праблема. У парушэнне законаў, без грамадскага абмеркавання там ужо зруйнаваная значная частка лесу – пад будаўніцтва прыватнага фізкультурнага комплексу. «Дабро» на гэта даў сам Лукашэнка, пазбавіўшы гэтым жыхароў права на бясплатны шпацыр і адпачынак.

Таццяна Уласенка

Стужка навінаў