Жыхары Вушачаў пра эпідэмію: Усё замоўчваецца, вы ж самі ведаеце


На мінулым тыдні паведамілі пра першую смерць праз каронавірус ў Вушачах, і цішыня… Афіцыйнай статыстыкі па райцэнтры няма, таму ў кожным двары яна ўласная, якая сведчыць пра распаўсюд віруса.

Цэнтральная вуліца Вушачаў пад час эпідэміі.
Фота: «Белсат»

У працоўны дзень людзей на двары небагата. Большая частка мінакоў у цэнтры Вушачаў масак не апранаюць. Бацькі гуляюць з дзецьмі ў парку, а вуліцы патрулюе мясцовая міліцыя – усе таксама без масак. Як і ў іншых райцэнтрах на Віцебшчыне, афіцыйную інфармацыю па колькасці хворых на каронавірус улада пакідае для сабе і рапартуе начальству ў Менск… але не сваім жыхарам.

«Усё замоўчваецца, вы ж самі ведаеце», – уздыхае мясцовая жыхарка.

Самая ў масцы, якую надзела ўжо падчас размовы:

«Калі верыць чуткам, то ў нас больніца ўся запоўненая, людзей вельмі многа, каля 40 чалавек напэўна. Інфекцыйнае аддзяленне запоўненае і тэрапія. Калі чытаеш прэсу і публікацыі ўсе, чамусьці там тэст робіцца літаральна содні, а ў нас вынік прыходзіць праз 10 содняў. За гэты час можна заразіць іншых людзей».

Вушацкае Райспажыўтаварыства, дзе былі выпадкі заражэння.
Фота: «Белсат»

Гандаль падчас эпідэміі

Першыя звесткі пра хворых на каронавірус у Вушачах з’явіліся ў апошніх днях красавіка. Са станоўчым вынікам тэсту памерла работніца мясцовага райспажыўтаварыства. Іншыя працаўнікі таварыства – у больніцы ці на каранціне. Аднак крамы арганізацыі ў мястэчку па-ранейшаму працуюць. На адной толькі цэнтральнай – Ленінскай вуліцы іх некалькі. Працаўнікі крамаў сітуацыю не каментуюць.

Вушачы падчас эпідэміі. У краме могуць знаходзіцца не больш чым 3 асобы.
Фота: «Белсат»

Далей ад цэнтральных вуліцаў месцяцца больш дробныя крамы таварыства. У адну з іх пускаюць толькі па тры чалавекі, таму іншым пакупнікам даводзіцца чакаць перад уваходам.

«Пару тыдняў ужо так «адпускаюць». Спачатку па адной асобе ўваходзілі, цяпер па трое. Хворых шмат. Калі гэта праўда. Але нам ніхто нічога не скажа. Нават каб дзяцей у школу пусціць, хацелася б ведаць, колькі ў нас хворых. Як вакацыі скончыліся, я напісала заяву ў школе і пакінула дзіця дома. Мне дзіця даражэйшае, чым школа», – дзеліцца з belsat.eu жанчына з чаргі перад крамай.

У Вушачах пражываюць каля 6 тыс. чалавек, таму добрая частка жыхароў адно аднаго ведаюць. Гэтак да размовы далучыўся мужчына сярэдняга ўзросту, знаёмы першай пакупніцы:

«Памёр сусед мой, Коля, – кажа. – І дачка ягоная памерла, маладая, моцная, што на пошце працавала. А жонка ў больніцы з тым самым вірусам. Я кантакт меў з Мікалаем – і ў лазню хадзіў, і ваду браў у яго. То я перапужаўся і бягом у больніцу! Паглядзеў урач мяне. Тэмпература нармальная, простая прастуда. То не заразіўся».

Прадавачка рытуальнай крамы ў Вушачах не адчувае росту запатрабаванасці паслуг.
Фота: «Белсат»

Мясцовыя жыхары распавядаюць пра хворых на каронавірус, пра асобныя смерці і пра вялікую колькасць людзей з пнеўманіяй, аднак істотнага павелічэння смяротнасці ў райцэнтры не назіраюць. Такога ж меркавання працаўніца тутэйшай рытуальнай крамы:

«Пра РАйПО гэта праўда, што Лена памерла. 49 год было ёй. Але ў нашай краме наведнікаў не прыбавілася, таму не скажаш, што ў нас смяротнасць ад ковіду гэтага зашкальвае. Учора і сёння ў нас увогуле нікога не было. Памёр мужчына ва ўзросце 83 гады, бо зламаў шыйку сцягна. Іншы – таксама не ад гэтага».

Для наведнікаў рытуальнай крамы таксама ўвялі адмысловыя правілы – уваходзіць выключна ў масках і не больш за два чалавекі адначасова, таксама просяць пакупнікоў трымацца на адлегласці:

«Мы таксама баімся. Людзі да нас прыходзяць розныя, мы не ведаем, дзе і з кім яны мелі зносіны. І ў нас спектр паслугаў поўны – ад памыць да закапаць. Але стаўленне людзей да небяспекі рознае – нехта сцеражэцца, а іншы думае, што праскочыць. Было, што паклалі жанчыну ў больніцу з пнеўманіяй, і ўжо памёр нехта з яе сваякоў, а яна потым прыйшла да нас з кашлем і без маскі. Зробіш заўвагу, яшчэ і крайнім застанешся».

Вушацкая Цэнтральная раённая больніца. У тэрапіі ляжаць з падазрэннем на вірус, у інфекцыйным – са станоўчым тэстам.
Фота: «Белсат»

Чэргі адно на флюараграфію

На ўскрайку мястэчка знаходзіцца паліклініка і раённая больніца. Людзей побач з ёй хапае, бальшыня з іх карыстаюцца маскамі. Ля ўваходу на лаўцы сядзіць пара сталага веку, жанчына ўгаворвае мужа:

«Нам трэба класціся ў больніцу, бо пнеўманія ў абодвух. Ніхто не рабіў тэсты, але сказалі класціся, а гэты – паказвае на мужа – не хоча, раве – трэба ехаць дамоў».

Сужэнства прыйшло «здавацца» у Вушацкую больніцу. У абодвух пнеўманія.
Фота: «Белсат»

Разам з сужэнствам прыехала і іхная дачка, якая таксама цісне на бацьку:

«У мамы пнеўманія, здымак вось зрабілі. КТ не рабілі, я нават не ведаю, ці робіцца ў нас такое, наўрад ці. У нас толькі флюараграфія ёсць. Вельмі многа людзей хварэюць. З пацверджаным вірусам ляжаць у інфекцыйнай, а рэшта – у тэрапіі».

Вушацкая Цэнтральная раённая больніца. У тэрапіі ляжаць з падазрэннем на вірус, у інфекцыйным – са станоўчым тэстам.
Фота: «Белсат»

Збоку ад асноўнага будынку больніцы знаходзіцца інфекцыйнае аддзяленне. Тэрыторыя вакол яго агароджаная, аднак перадачы для сваякоў прымаюць.

«Мае сваякі ляжаць у інфекцыйным аддзяленні з каронавірусам. Я прыходзіла з перадачаю», – кажа маладая жанчына ў масцы. – «Пнеўманія ў траіх – брата, мамы, бацькі. У мяне тэст быў адмоўны. Спачатку і бацька патрапіў з высокай тэмпературай, але першы мазок не паказаў каронавірус. Праз тыдзень у тэрапіі вірус знайшлі. Мяркую, там яго і падчапіў ад суседзяў па палаце».

Акрамя пацыентаў з пацверджаным каронавірусам і пнеўманіяй, больніца па-ранейшаму абслугоўвае і іншых хворых:

«Персанал добра працуе, усіх прымае. Чэргі адно на флюараграфію. Людзі некаторыя вельмі панікуюць і сапраўды баяцца».

Жанчына працуе ў школе, але паніцы не паддаецца:

«Я не баюся. Настаўнікі ўсе ходзяць на працу. Калі ў некага прастуда, ідуць на бальнічны. Дзеці вярнуліся ў школу 20 красавіка, калі прэзідэнт сказаў. Але з 850 вучняў толькі 200 наведваюць заняткі. Многа такіх, што адразу напісалі заявы да канца навучальнага году».

Новости
«Ситуация не такая, как по телевизору говорят». Фельдшер из Ушачей рассказала, как живет район во время эпидемии
2020.05.04 15:43

Што ў горадзе эпідэмія, мясцовыя медыкі пацвярджаюць, аднак падрабязнасцяў ці статыстыкі кіраўніцтва больніцы не выдае.

Віктар Старавойтаў belsat.eu

Стужка навінаў