Жыхары рэгіёнаў штодзённа па некалькі гадзінаў ездзяць на працу ў Менск, ратуючыся ад беспрацоўя


Узровень беспрацоўя зніжаецца – але гэта афіцыйна. Рэчаіснасць не пакідае ілюзіяў. Знайсці годную працу, а яшчэ і з годным заробкам – проста фантастыка. І ўжо зусім нерэальна для жыхароў правінцыі.

Узровень беспрацоўя ў Беларусі меншы за 1 %, кажа афіцыйная статыстыка. Але Сусветная арганізацыя працы сцвярджае, што рэальная лічба прынамсі ў пяць разоў вышэйшая. Найбольш балюча такая сітуацыя бʼе па жыхарах рэгіёнаў: калі няма працы ў сваім горадзе, даводзіцца шукаць іншыя варыянты.

Штораніцу на працу ў сталіцу прыязджаюць сотні жыхароў Дзяржынску, Барысава, Марʼінай Горкі ды іншых гарадоў Менскай вобласці.

Аляксандр Марошкін жыве ў Барысаве, а працаваць штодня ездзіць у Менск. Пасля ўніверсітэту ён спрабаваў уладкавацца ў родным горадзе, але гэтае заданне аказалася няпростым, не зважаючы на тое, што ў Барысаве ёсць шэраг буйных прамысловых прадпрыемстваў кшталту «Барысаўдрэва», БАТЭ, «Аўтагідраўзмацняльніка» ды цэхаў для збірання беларуска-кітайскіх аўтамабіляў «Джылі».

«Не так проста знайсці ў нас маладому спецыялісту нейкую працу, бо перад ім адчыненыя дзверы або на завод, або на нізкааплочваемую працу, або ўладкоўвацца неафіцыйна», – заўважыў SEO-адмысловец Аляксандр Марошкін.

Цяпер Аляксандр займаецца прасоўваннем сайтаў у IT-кампаніі. Дарога з дому да офісу і назад разам займае 4,5 гадзіны ў дзень.

«Цяжка, бо ёсць сямʼя: жонка, двое дзяцей, цяжкавата, з імі не бачуся амаль, не хапае часу на вучобу», – адзначыў Аляксандр Марошкін.

Жыхары Менскай вобласці падкрэсліваюць:

«У Жодзіне няма куды ісці, заробку няма, таму і паехаў у Менск працаваць».

«У Барысаве працы даўно не шукаў, ведаю, што мала. Людзі скардзяцца, што бывае заробак менш трох мільёнаў, такія вось зусім складаныя часы».

«Мая спецыяльнасць каштуе ў раёне 500 рублёў, там да мінімалкі даплачваюць».

«Працую інжынерам, у Дзяржынску даволі цяжка знайсці працу па такой спецыяльнасці».

Шляхі развязання праблемы, безумоўна, ёсць. Напрыклад, перайсці на дыстанцыйную працу. Але не кожны можа знайсці такі зручны варыянт. Можна і перабрацца ў Менск, але тут, па-першае, паўстае пытанне арэнды жытла, а па-другое…

«Але ж Менск таксама не гумовы. Безумоўна, трэба каб былі новыя прадпрыемствы і толькі ў рэгіёнах, не патрэбныя яны Менску і нават абласным цэнтрам. Трэба ратаваць людзей, якія цяжка жывуць у раённых цэнтрах», – сказаў старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

На думку экспертаў, рэгіёнам катастрафічна бракуе інвестыцыяў. Але як стварыць новыя працоўныя месцы ды яшчэ з годным заробкам, калі склады тых жа прадпрыемстваў перапоўненыя? Прадукцыі на іх, як сведчыць новая статыстыка, – 68 % ад сярэднямесячнай вытворчасці.

НХ, Менск

Стужка навінаў