Жыхары Менску заклікаюць кіраўніка МФХ перанесці з Беларусі ЧС па хакеі


Зборная Беларусі па хакеі трэнуецца на «Чыжоўка-Арэне».
Фота: Андрэй Лавянецкi

Жыхары Цэнтральнага раёну Менску звярнуліся да кіраўніка Рады Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэля з адкрытым лістом, у якім заклікаюць перанесці чэмпіянат свету па хакеі з Беларусі. Менчукі нагадваюць, што ў краіне працягваецца прававы бязлад і нават дзіцячыя святы ў дварах не абыходзяцца без увагі сілавікоў.

Менчукі напісалі эмацыйны ліст кіраўніку Рады Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэлю, у якім заклікаюць перанесці ЧС па хакеі ў 2021 годзе з Беларусі.

«Добры дзень, спадару Фазэль! Мы, беларусы, жыхары Цэнтральнага раёну Менску, звяртаемся да вас як мірныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Сярод нас ёсць як спартоўцы, гэтак і дактары, настаўнікі, праграмісты, навуковыя працаўнікі, мы розных прафесіяў, нас шмат. У нашым раёне пабудаваныя лядовыя палацы, а менавіта – «Менск-Арэна». Нашыя дамы месцяцца ў беспасярэдняй блізкасці ад таго месца, дзе вы плануеце правесці ЧС па хакеі. Кожны вечар, пачынаючы з дня выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Цэнтральным раёне, як і ў іншых раёнах Менску, адбываюцца затрыманні мірных жыхароў працаўнікамі спецпадраздзяленняў са зброяй і ў масках.

Hавiны
«Людзі ўжо хочуць наймаць ахову». Новая Баравая перажыла брутальны хапун, але не здаецца
2021.01.06 18:36

Нам і нашым сваякам пры затрыманні не паказваюць пасведчанняў міліцыянты, не называюцца, пагражаюць зброяй, збіваюць, выкрадаюць і вязуць у невядомым кірунку. Працаўнікі міліцыі ў масках прыязджаюць на дзіцячыя пляцоўкі, палохаюць нашых дзяцей, у адзін такі прыезд міліцыянт пырснуў маленькай дзяўчынцы ў вочы слезацечным газам і ледзь не збіў службовым аўтамабілем вазок з іншым дзіцем. Іншым разам у двары нашага дому амапаўцы затрымалі мужчынаў з дзецьмі каля падʼезду свайго дому. Дзвюх дзяўчатак, 6 і 8 гадоў, разам з іхным бацькам пасадзілі ў танаваны аўтобус, без дэманстравання дакументаў, абвінавачанняў і тлумачэння прычынаў. І самае жахлівае – затрымалі там жа яшчэ аднаго мужчыну, які быў з васьмімесячным дзіцём у вазку, вазок з дзіцем працаўнікі спецпадраздзялення пакінулі на вуліцы без бацькоў, у снежаньскі вечар.

Hавiны
Швейцарскія СМІ: Чэмпіянат свету па хакею-2021 дакладна пройдзе не ў Беларусі
2020.12.27 22:33

Ніводнае дзіцячае свята цяпер не праходзіць без налёту людзей у масках са зброяй. Нашыя дзеці напалоханыя, цяпер праз рэжым у нашай краіне вобраз абаронцы ператварыўся ў карніка.

Затрыманні адбываюцца кожны дзень, у кожным двары Цэнтральнага раёну дзяжурыць АМАП са зброяй, нас, мірных жыхароў, міліцыянты збіваюць, гвалтуюць у ізалятарах, з нас здзекуюцца, катуюць, пагражаюць, адбіраюць нашую маёмасць, незаконна, без падставаў утрымліваюць у турмах. Кожны дзень у турмах Беларусі катуюць людзей, гэта адбываецца і цяпер, калі вы чытаеце гэты ліст.

На гэты момант, са жніўня 2020 года да студзеня 2021 года, на мірных мітынгах у Беларусі затрымалі больш за 30 000 асобаў, на гэты момант у турмах застаюцца 169 палітычных зняволеных.

У нашай светлай Беларусі – генацыд, рэпрэсіі, парушэнні правоў чалавека і прававы дэфолт. Апошнія паўгода ўся нашая краіна захлынаецца слязьмі, нам балюча і страшна.

Мы сумленныя людзі, мы мірныя людзі, мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь, праз палітычную сітуацыю ў нашай краіне выступаем супраць правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі. Сусветнай хакей не павінен падтрымліваць дыктатуры. Прафесійны спорт павінен спрыяць развіццю высакародных якасцяў чалавека, а не злачынствам супраць чалавецтва.

Паважаны Рэнэ Фазэль і Рада Міжнароднай федэрацыі хакею, мы заклікаем вас не спансараваць рэжыму. На прыбытак ад чэмпіянату свету нас працягнуць гвалтаваць, катаваць і забіваць. Мы просім вас праявіць салідарнасць з народам Беларусі. Менавіта ад вашага рашэння будзе залежаць, ці падтрымлівае міжнародны хакей ды вы асабіста гвалт і генацыд. Так ці інакш рэжым не вечны, і менавіта вы ўласнаручна ўпісалі сваё імя ў гісторыю нашай краіны».

Hавiны
Месца правядзення хакейнага ЧС-2021 вызначаць у канцы студзеня
2021.01.05 22:44

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

 

Стужка навінаў